Пошук

02.11.2022 18:41   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святую Імшу на гродзенскіх гарадскіх могілках, што непадалёк ад прадпрыемства «Гродна Азот».

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі горада над Нёманам, каб у гэты асаблівы дзень атачыць малітвамі душы сваіх блізкіх памерлых.

Звяртаючыся да прысутных, заслужаны іерарх адзначыў, што напярэдадні Касцёл перажываў радасную ўрачыстасць Усіх Святых. «Учора — радаснае „Хвала на вышынях Богу“; сёння — „Вечны адпачынак дай ім, Пане“», — звярнуў увагу арцыбіскуп, дадаўшы, што «другі дзень лістапада схіляе да роздуму, разважання над таямніцай жыцця і смерці».

«Нашыя памерлыя не могуць сабе дапамагчы. Час іх скончыўся. Гадзіннік для нашых памерлых спыніўся: распачалася вечнасць. І толькі мы можам ім дапамагчы адчыніць брамы Раю, бо ў нашых руках ёсць ключ вечнага шчасця», — дадаў іерарх. Па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, які напярэдадні наведаў сваю малую радзіму ў Адэльску, могілкі — гэта месца для разважання над жыццём і яго прамінальнасцю.

Пасля Імшы адбылася працэсія па могілках. Падчас пяці стацый яе ўдзельнікі маліліся за памерлае духавенства, сваіх спачылых продкаў, усіх, хто пахаваны на гэтых і іншых могілках, за душы, якія церпяць у чыстцы.

На заканчэнне працэсіі арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў вернікам за ўдзел у супольнай малітве ў інтэнцыі памерлых, якія самі ўжо нічога не могуць зрабіць, але маюць патрэбу ў малітоўнай падтрымцы тых, хто жыве на зямлі.

Абноўлена 03.11.2022 10:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця