Пошук


Іх у Кракаве – 19 тысяч. У СДМ яны адыгрываюць калі не цэнтральную, то адну з галоўных роляў – дапамагаюць у іх арганізацыі. Людзі ў блакітных майках з надпісам «Валанцёр».

Сярод іх ёсць і беларусы — напрыклад, Вольга Чыкун з парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно ў Мінску.

Мы сустракаем Вольгу на прыступках касцёла свв. Пятра і Паўла ў Кракаве, дзе разам з напарнікам Міхалам Булашам яна «нясе дзяжурства». Іх стэнд трохмоўны: польская, англійская і руская мовы.

У валанцёры беларуска запісалася за год да пачатку кракаўскіх СДМ. У культурнай сталіцы Польшчы, якая да таго ж з’яўляецца і «горадам святых», Вольга вывучае тэалогію і рэлігійны турызм, таму даручаныя ёй абавязкі амаль супалі з яе ўніверсітэцкай спецыялізацыяй.

«Кожны з валанцёраў замацаваны на пэўным сектары: тыя, хто добра ведае замежныя мовы, ідуць у інфацэнтры; іншыя “спецыялізуюцца” на лагістыцы і падказваюць СДМаўцам, як і на чым прасцей даехаць да асноўных месцаў сустрэчы, – адзначае Вольга. – Мая праца заключаецца ў тым, каб распавядаць удзельнікам СДМ пра Пятра Скаргу, рэліквіі якога знаходзяцца тут, і пра сам касцёл».

Пілігрымы сапраўды падыходзяць да стэнда Вольгі і Міхала, каб паслухаць гісторыю Пятра Скаргі, рэліквіі якога знаходзяцца ў святыні.

Вольга адначае, што найбольш частыя госці ля іх стэнда – іспанцы і італьянцы, часта звяртаюцца ў інфакіёскі, па назіраннях, дзяўчаты, а таксама тыя, хто прыехаў з Азіі.

«Беларусы або рускамоўныя ўдзельнікі СДМ рэдка адважваюцца ў нас штосьці спытаць – прынамсі па-руску, – дадае дзяўчына. – Часта я сама прапаноўваю дапамогу, калі чую рускую мову».

Рэлігія і турызм

«Сёння Кракаў вядомы часцей як горад гістарычных славутасцяў, многія забываюцца, што ў першую чаргу гэта горад святых, – кажа беларуска. – У свой час тут жыло каля 30 асобаў, якія сёння абвешчаны святымі Касцёла. Падчас падрыхтоўкі наша камісія абрала 12 постацяў святых, пра якіх распавядаем пілігрымам у межах СДМ».

Разам з Вольгай мы ідзём углыб святыні. Касцёл напалову запоўнены – удзельнікі СДМ, а таксама парафіяне ў цішыні чуваюць перад алтаром.

«Зранку з 9 да 12 тут праходзіць катэхеза для ўдзельнікаў СДМ на мове мандарын», — распавядае дзяўчына. Для беларусаў падобныя катэхезы праходзяць у касцёле св. Максімільяна Кольбэ.

Вольга дадае, што кожны з валанцёраў перад стартам СДМ прайшоў адмысловы інструктаж: асновы медыцынскай дапамогі і тэхніку бяспекі. Асаблівым пунктам стала і інфармаванне аб звароце ў паліцыю:

«Кожны з валанцёраў у выпадку, калі заўважыць падазронага чалавека або пакінутую рэч, павінен пазваніць па спецыяльным нумары 112».

Вольга прыгадвае, што сваю непасрэдную працу як валанцёр СДМ пачала 18 ліпеня, а з 27 ліпеня праца пачала набіраць абароты – праца па 12 гадзін для валанцёраў і каардынатараў СДМ тут не рэдкасць.

«Хачу дапамагаць»

Вольга Чыкун ужо мае вопыт удзелу ў СДМ – у Мадрыдзе.

«Я памятаю, як глядзела на працу валанцёраў у іспанскай сталіцы і хацела быць падобнымі да іх: не толькі “спажываць”, але і дапамагаць. І я рада, што зараз я валанцёр: калі бачыш удзячную ўсмешку таго, каму дапамог – гэта вельмі прыемна», — кажа дзяўчына.

Вольга прыкмячае, што многія з тых, каму яна спрабавала дапамагчы, пасля вярталіся да яе стэнда і дзякавалі. «Валанцёрства на такіх буйных падзеях, як Сусветныя дні моладзі, дае таксама стымул – ты разумееш, над чым табе яшчэ трэба працаваць і ў якой сферы паглыбляць веды. Разумееш, наколькі важна ведаць замежныя мовы», — усміхаецца беларуска.

Вопыт валанцёрства не прайшоў для Вольгі проста так: наступны яе прыпынак у якасці валанцёра — санктуарый Ла-Салета ў Францыі.

Абноўлена 30.11.2017 14:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа