Пошук

18.10.2022 13:39   Тэкст: Валянціна Михайлоўская / Фота: Вольга Кісліцкая / Catholic.by

16 кастрычніка арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію святога Юзафа у Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), дзе ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе мясцовых вернікаў.

У нядзельны дзень сакрамэнт хрысціянскай сталасці з рук заслужанага іерарха прынялі 42 кандыдаты. З гэтай нагоды арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, на якую сабралася вялікая колькасць парафіянаў і гасцей.

Пробашч парафіі святога Юзафа ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі ў прывітальным слове адзначыў, што заслужаны іерарх заўсёды стараецца знаходзіць у дзённіку сваіх важных справаў час на наведванне Маладзечаншчыны, а тым больш у такія ўрачыстыя моманты жыцця тутэйшых вернікаў.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў важную ролю Духа Святога ў Касцёле і ў жыцці чалавека. Ён нагадаў, што «ў гімне да Духа Святога мы просім Яго сысці і аднавіць аблічча зямлі».

«Сапраўднае аблічча зямлі — гэта не толькі і не столькі інфраструктура, інтэлектуальны, матэрыяльны і культурны набытак, але перадусім сам чалавек, яго духоўны стан. Свет такі, якія мы самі», — падкрэсліў арцыпастыр, дадаўшы, што чалавек, створаны паводле Божага вобразу, з-за граху губляе гэтае падабенства і толькі жывучы згодна з Божым законам становіцца падобным да нябеснага Айца.

«Божы закон — гэта дзесяць Божых запаведзяў, якія паказваюць напрамак у нашым жыцці, каб мы не заблукалі. Гэта таксама восем благаслаўленняў Езуса, якія павінны быць нашай настольнай кнігай. Але каб гэтага ўсяго дасягнуць, патрэбная Божая дапамога, аб якой мы просім Бога ў малітве», — сказаў іерарх, заўважыўшы, што нядзельныя чытанні асаблівым чынам прысвечаны малітве.

Каментуючы евангельскую прыпавесць пра несумленнага суддзю і бедную ўдаву, якая прасіла абараніць яе ад ворага, арцыбіскуп сцвердзіў, што «малітва прабівае нябёсы», адзначыўшы, што малітва павінна быць найперш малітвай праслаўлення, потым — перапрашэння і нарэшце — просьбы.

«На жаль сучасны чалавек не жадае маліцца, а між тым малітва з’яўляецца подыхам духа. Без паветра мы задыхаемся. Без малітвы не маем Божага духа, духоўна задыхаемся і паміраем. Жывем целам, але мёртвыя духам. Маліцца не азначае разлічваць на тое, што Бог усё зробіць за нас. Ён дапамагае нам, але патрабуе і нашага ўдзелу, перадусім нашай веры. <…> Недастакова толькі ведаць праўды веры: трэба імі жыць», — падкрэсліў арцыпастыр. Ён заахвоціў вернікаў не быць падобнымі да тых, хто сядзіць перад тэлевізарам, глядзіць трансляцыю хакейнага матча і кажа, што прымае у ім удзел.

«Неабходна адкрыцца для Святога Духа, які нас пераменіць і ўмацуе нашую веру, каб мы маглі стаць Яго інструментамі з мэтай перамены свету на лепшы», — сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Кандрусевіч, заклікаўшы берагчы чысціню душы і не паддавацца граху.

 

Абноўлена 18.10.2022 14:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.