Пошук

14.10.2022 16:20   Catholic.by

14 кастрычніка ў Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце адбылася сустрэча прадстаўнікоў Касцёла з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, на якой была абмеркавана актуальная сітуацыя парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл).

У сустрэчы ўзялі ўдзел Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран, дырэктар КУП «Мінская спадчына» Аляксандр Кохан і іншыя дзяржслужачыя. Касцёл на сустрэчы прадстаўлялі Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, прэс-сакратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Юрый Санько.

Была выказана агульная ўдзячнасць за магчымасць сустрэчы і спадзяванне на канструктыўны дыялог.

Дырэктарам КУП «Мінская спадчына» быў акрэслены план прац па ліквідацыі наступстваў здарэння ў Чырвоным касцёле і па правядзенні маштабнага рамонту, каб прадухіліць падобныя здарэнні ў будучым. Паводле Аляксандра Кохана, паколькі працы прадугледжаны ва ўсёй святыні, знаходжанне ў ёй немагчымае. На сённяшні дзень святыня адключана ад усіх камунікацый, што таксама робіць немагчымым яе выкарыстанне.

Упаўнаважаны Румак падкрэсліў, што «гэта — касцёл і ім застанецца, толькі цяпер мы павінны канструктыўна спрацаваць, каб правесці рамонт».

Арцыбіскуп Станеўскі выказаў заклапочанасць не толькі тым, як будзе выглядаць перанясенне рухомых рэчаў, але і тое, дзе яны будуць захоўвацца. Іерарх таксама звярнуўся да кампетэнтных уладаў з просьбай аб выдзяленні памяшкання ў межах парафіі, дзе часова можна б было здзяйсяняць набажэнствы і арганізаваць парафіяльнае жыццё.

Была выказана просьба аб уключэнні касцёльнага прадстаўніка ў склад камісіі для даследвання пашкоджаняў, якія ўзніклі ў выніку ўзгарання і для правядзення рамонтных прац.

Была ўнесена прапанова для стварэння на высокім узроўні двухбаковай рады для вырашэння і абмеркавання пытанняў, звязаных з рамонтам і рэканструкцыяй.

Напрыканцы сустрэчы было выказана агульнае жаданне працягваць супрацоўніцтва.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця