8 кастрычніка ў Тэалагічным каледжы імя святога Казіміра ў Гродне адбылася ўрачыстая цырымонія распачацця новага, 2022–2023 навучальнага года.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, з гэтай нагоды ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) сабраліся члены адміністрацыі, выкладчыкі і навучэнцы каледжа, сярод галоўных мэт якога — умацаванне веры, паглыбленне рэлігійных ведаў і падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці.
Цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую каталіцкую навучальную ўстанову, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, асаблівым чынам молячыся за тых, хто сёлета распачынае ў ёй вучобу.
На пачатку Эўхарыстыі іерарх адзначыў, што Тэалагічны каледж — вельмі асаблівая навучальная ўстанова, бо яго праграма, як і ў іншых, прадугледжвае наведванне лекцый, практычных заняткаў, здачу экзаменаў, напісанне дыпломных прац, але ўсё гэта не мела б сэнсу ў адрыве ад найважнейшай мэты — паглыблення веры і любові да Бога.
«Таму Тэалагічны каледж мы можам назваць школай Хрыста. У гэтай школе найважнейшым з’яўляецца асабісты досвед веры, яе ўнутранае перажыванне і дзяленне ёю з бліжнімі», — сказаў біскуп.
«Калі мы дасягнем гэтай мэты, калі вучоба ў каледжы хоць крыху наблізіць нас да Хрыста, дапаможа нам лепш зразумець і глыбей перажываць нашу веру — мы зможам сказаць, што паспяхова рэалізавалі найважнейшую задачу і добра выкарысталі прысвечаны на гэта час, незалежна ад таго, якія адзнакі будуць у нашых атэстатах», — дадаў пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскуп Кашкевіч пажадаў навучэнцам глыбокай свядомасці і матывацыі да вучобы, падставай якой з’яўляецца вера, шмат радасці і творчага запалу ў пазнаванні праўдаў веры, каб кожная лекцыя, прачытаная кніга, залік ці экзамен набліжалі іх да Хрыста і павялічвалі ў іх сэрцах любоў да Яго.
Пасля Імшы навучэнцы выслухалі даклад, з якім выступіў выкладчык філасофіі ў каледжы ксёндз доктар Юрый Павайба. Святар закрануў тэму стварэння свету на аснове навучання святога Тамаша Аквінскага.
Потым намеснік дырэктара па навучальнай частцы ксёндз Андрэй Шчупал CSsR i сакратар каледжа Вольга Голуб прадставілі справаздачу за мінулы навучальны год, нагадаўшы пра найважнейшыя падзеі.
Дырэктар каледжа ксёндз канонік Юрый Марціновіч пажадаў першакурснікам адвагі падчас вучобы. Святар падкрэсліў, што сёлета на першы год навучання прынята 18 чалавек, і гэта сведчыць аб тым, што зацікаўленасць каледжам у дыяцэзіі вялікая.
Потым дырэктар разам з намеснікам уручылі першакурснікам заліковыя кніжкі. Навучэнцы, якія стварылі хор пад кіраўніцтвам выкладчыцы музыкі Вольгі Маркевіч, заспявалі студэнцкі гімн Gaudeamus igitur.