Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч
ПАСТЫРСКІ ЛІСТ
з нагоды 100-годдзя прыбыцця ў Гродна
святога Максімільяна Марыі Кольбэ
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
Гісторыя ХХ стагоддзя ведае шмат выбітных людзей, якія ўнеслі велізарны ўклад ва ўтварэнне сучаснай цывілізацыі і сучаснага свету, заснаванага на фундаменце хрысціянскіх каштоўнасцяў. Няма сумнення, што ў ліку гэтых людзей святы Максімільян Кольбэ. Калі здавалася, што ззянне Божага святла гасне сярод цемры гневу, нянавісці і насілля, якія прынеслі падзеі мінулага стагоддзя, ён сваім жыццём даў сведчанне сапраўднай веры і любові, пайшоўшы на смерць за іншага чалавека.
Сёлета 20 кастрычніка прыпадае 100-годдзе з часу прыбыцця святога Максімільяна ў Гродна.
Айцец Кольбэ быў скіраваны ў францішканскі кляштар у 1922 годзе і выконваў выдавецкае і душпастырскае служэнне да 1927 года. З гэтай нагоды хачу засяродзіць увагу на яго асобе, каб яшчэ больш распаліць нашыя сэрцы любоўю да святых і іх прысутнасці ў нашым жыцці, а таксама да наследавання іх учынкаў у штодзённасці.
Раймунд — такое імя айцец Максімільян атрымаў падчас святога хросту — нарадзіўся ў Здуньскай Волі, потым выхоўваўся ў Лодзі і Паб’яніцах. Яго бацькі, Юліюш Кольбэ і Марыя з дома Дамброўскіх, паходзілі з сем’яў ткачоў. Атмасфера ў родным доме Раймунда была напоўнена пабожнасцю, спачуваннем і павагай да іншага чалавека, пра што сведчаць канкрэтныя падзеі з іх жыцця. Калі яны адкрылі краму з прадметамі штодзённага ўжытку, часта даючы тавары ў крэдыт, каб падтрымаць бедных і патрабуючых, то хутка абанкруціліся.
Калі Раймунду было каля 10 гадоў, яму аб’явілася Маці Божая. Мама святога апісвае гэтую падзею так: «Аднойчы мне штосьці ў ім не спадабалася, і я сказала яму: „Мундзю, не ведаю, што з цябе будзе“. Пазней Раймунд распавёў мне: „Калі мама мне сказала, што з цябе будзе, я прасіў Маці Божую, каб сказала мне, што ж з мяне будзе. І потым, калі быў у касцёле, зноў Яе прасіў.
Тады Маці Божая паказалася мне, трымаючы дзве кароны — адну белую, а другую чырвоную. Яна з любоўю на мяне паглядзела і спытала, ці хачу гэтыя кароны. Белая азначае, што вытрываю ў святасці, а чырвоная — што буду мучанікам. Я адказаў, што хачу. Тады Маці Божая ласкава на мяне зірнула і знікла“».
У 1907 годзе Раймунд распачаў вучобу ў францішканаў у Львове. Пасля яе заканчэння вырашыў уступіць у Ордэн Братоў Меншых Канвентуальных. Разам з габітам ён атрымаў імя Максімільян. Сабраты здзіўляліся яго манаскай руплівасці. Калі ён быў у Рыме, куды яго на далейшую вучобу скіравалі настаяцелі ордэна, яго ўсё больш ахоплівала жаданне служыць Беззаганнай. Узрушаны гвалтоўнымі маніфестацыямі супраць Папы, якія адбыліся на вуліцах Рыма ў 1917 годзе, ён заснаваў таварыства «Рыцарства Беззаганнай». Святы Максімільян хацеў быць прыладай у руках Маці Божай, каб з дапамогай Марыі перамагаць усялякае зло і прысвячаць увесь свет Хрысту.
З’яднанне з Богам і любоў да Маці Божай прынеслі плёны ў жыцці айца Максімільяна. На рэкалекцыях у 1920 годзе ён зрабіў пастанову: «Я павінен быць святым як мага больш», — i сапраўды паслядоўна выконваў гэтую пастанову.
20 кастрычніка 1922 года святы прыехаў у Гродна. Падчас свайго пяцігадовага прабывання ў гродзенскім кляштары ён заснаваў уласную друкарню, дзе штомесяц выдаваў 60 тысяч экземпляраў часопіса «Рыцар Беззаганнай». Падчас прабывання ў Гродне айцец Максімільян ахрысціў 58 чалавек, здзейсніў 26 пахаванняў і благаславіў 5 сужэнскіх саюзаў, адначасова вёў урокі катэхезы ў школе ў Ласосне.
У памяці вернікаў Гродна святы Максімільян застаўся як чалавек незвычайны, поўны веры і адданы Маці Божай.
З Гродна святы Максімільян вырушыў у ваколіцы Варшавы, дзе стварыў самы вялікі ў свеце кляштар — Непакалянаў, які налічвае каля 800 законнікаў. У склад гэтага кляштарнага комплекса, прысвечанага Маці Божай, уваходзіла 46 будынкаў, разнастайных майстэрняў і аб’ектаў, у тым ліку лесапільня, каманда камінараў, майстэрня фігурак і вітражоў, пякарня, кухня, пажарная каманда, друкарня і ўласная радыёстанцыя. У кляштары былі таксама манаскі ўрач, стаматолаг, шавец і кравец, які штогод расходаваў 13,5 кіламетраў чорнай тканіны на габіты.
Выбух Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе забраў у свету мір, пачуццё годнасці і бяспекі. Святы Максімільян стаў для Германіі вялікай пагрозай, бо меў магутны кляштар, друкарню і ўласнае радыё, дзякуючы чаму дасягаў з інфармацыяй вялікай колькасці людзей. З-за шматлікіх публікацый незалежнага духу ён быў арыштаваны і скіраваны ў канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц-Біркенаў у Асвенцыме.
Многія запомнілі яго ў лагеры як чалавека, поўнага веры і ўнутранага міру. Вязні казалі пра яго: «Ён тайна спавядаў, удзяляў святую Камунію, ставячы пад пагрозу сваё жыццё, і дзяліўся скарынкай хлеба з галоднымі».
Пад канец ліпеня 1941 года з лагеру ўцёк адзін з вязняў. У адказ на ўцёкі немцы выбралі дзесяць чалавек, каб аддаць на галодную смерць. Адным з выбраных быў Францішак Гаёўнічак — муж і бацька двух сыноў. Калі вязень у роспачы пачаў прасіць гітлераўцаў аб літасці, з чаргі выйшаў айцец Максімільян і сказаў, што з’яўляецца каталіцкім святаром і хоча аддаць жыццё ўзамен за гэтага чалавека. Нямецкія салдаты згадзіліся на такую замену, і замест Гаёўнічка ў камеру смерці трапіў айцец Максімільян.
З камеры смерці, у якой знаходзіўся святы, не было чуваць нараканняў, замест гэтага штодзённа чуліся малітвы, Ружанец і спевы, да якіх далучаліся таксама вязні з суседніх камер.
Святы Максімільян Кольбэ скончыў зямное жыццё апошнім з асуджаных 14 жніўня 1941 года. Яго цела было спалена ў крэматорыі на наступны дзень.
17 кастрычніка 1971 года Папа Павел VI абвясціў айца Максімільяна благаслаўлёным, а 10 кастрычніка 1982 года Папа Ян Павел ІІ далучыў яго да шэрагу святых мучанікаў Каталіцкага Касцёла і назваў «мучанікам любові».
Святы Максімільян прысвяціў сябе выключнаму служэнню Богу праз Беззаганную, а ў канцы аддаў жыццё за бацьку сям’і. Ян Павел ІІ назваў яго апекуном нашых складаных часоў, якія мы перажываем цяпер. «Tолькі любоў стварае», — казаў святы Максімільян, таму сёння мы просім яго аб заступніцтве і апецы з неба для ўсёй дыяцэзіі, духавенства і ўсіх вернікаў. Няхай ён вучыць нас, як жыць верай кожны дзень у тых умовах, у якіх кожны з нас знаходзіцца — у нашых сем’ях, супольнасцях, месцах працы. Няхай вучыць нас поўнаму даверу Маці Божай. Няхай вучыць нас, што сілай чалавека з’яўляецца любоў, якая ўсё перамагае.
На плённае святкаванне юбілею 100-годдзя прыбыцця святога Максімільяна ў Гродна ў духу малітвы, разважання над яго прыгожым жыццём і паглыблення духоўнага запавету, які ён пакінуў Касцёлу і ўсёй чалавечай сям’і, усіх вас, дарагія вернікі дыяцэзіі, ад усяго сэрца благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 6. кастрычніка 2022
P.S. Прашу шаноўных святароў прачытаць гэты Пастырскі ліст замест казання ў XXVIII Звычайную нядзелю ва ўсіх касцёлах і капліцах Гродзенскай Дыяцэзіі (9 кастрычніка 2022 года).