Пошук

12.09.2022 13:26   Тэкст: Алена Сцепановіч / Фота: Анна Мацко / Catholic.by

10 верасня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, галоўнай Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адбылася сустрэча выпускнікоў, навучэнцаў і выкладчыкаў Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля, спалучаная з цырымоніяй інаўгурацыі 13-а навучальнага года ў гэтай касцёльнай установе.

Сустрэча распачалася супольнай малітвай адарацыі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам. З глыбокай верай у прысутнасць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі ўдзельнікі сустрэчы аддавалі Яму пашану, праслаўлялі, выказвалі словы падзякі, перапрашення, просьбы. Малітва суправаджалася спевам каталіцкага гурта праслаўлення Verbum Dei.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

На пачатку Эўхарыстыі пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік асаблівым чынам прывітаў арцыпастыра, а таксама навучэнцаў, выпускнікоў і выкладчыкаў каледжа. Словы падзякі арцыбіскупу за ініцыятыву гэтай сустрэчы выказаў дырэктар кнавучальнай установы ксёндз канонік Ян Крэміс.

Арцыбіскуп Станеўскі асаблівым чынам падзякаваў пробашчу і парафіянам за малітву, якую яны перад цудадзейным абразом штодзённа ўзносяць не толькі за сябе, але і за ўсю нашу Бацькаўшчыну. Іерарх таксама прывітаў прысутных у будслаўскай святыні дырэктара, выкладчыкаў, навучэнцаў і выпускнікоў Мінскага тэалагічнага каледжа.

«Дзе ж яшчэ мы можам сустрэцца, як не ў нашай Матулі, не ў Яе доме?.. Нядаўна наша Бацькаўшчына перажывала Год малой радзімы. Тады мы ўсе вярталіся пад страху нашай хаты, да роднай матулі.

Можна сказаць, што мы прыбылі да дому нашай Матулі, Каралевы Беларусі. Прыйшлі ў школу Марыі, каб разам з Ёй распачаць новы навучальны год», — падкрэсліў арцыбіскуп.

У прамоўленай гаміліі іерарх адзначыў, што гэта асаблівы дзень для каледжа, калі ўся яго супольнасць як браты і сёстры разам сабралася на малітве з Марыяй.

«Калі знаходзішся у гэтай святыні, сэрца радуецца, і таму мы просім Езуса Хрыста зрабіць нашыя сэрцы падобным да Яго Найсвяцейшага Сэрца. Езус Хрыстус прыносіць супакой у сэрцы», — дадаў арцыпастыр.

Звяртаючыся да выпускнікоў і студэнтаў, ён разважаў над словамі Евангелля паводле святога Яна: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плен» (Ян 15, 16).

«Мы павінны быць ўдзячныя Богу за тое, што Ён выбраў нас і паклікаў; павінны быць адважнымі. Нашае жыццё — гэта пакліканне, і праз вас свет даведаецца пра Езуса Хрыста, які з намі і цяпер, і пра гэта вы павінны сведчыць.

Не вы выбралі Езуса Хрыста, а Ён вас выбраў, бо знайшоў у вас моц, сілу, каб былі Яго вучнямі», — заўважыў арцыбіскуп Станеўскі.

У малітве вернікаў удзельнікі сустрэчы ў Будславе асаблівам чынам маліліся за ўсе навучальныя ўстановы Беларусі, за выкладчыкаў, студэнтаў, навучэнцаў і школьнікаў.

Пасля святой Імшы адбылася інаўгурацыя 13-а навучальнага года Мінскага тэалагічнага каледжа. У яе межах удзельнікі выслухалі даклад на тэму «Марыйны культ у Буларусі», які прамовіў ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, доктар тэалогіі з Ліды.

Дырэктар каледжа ксёндз канонік Ян Крэміс зрабіў справаздачу за мінулы навучальны год, а таксама паведаміў, што на першы курс сёлета залічаны 16 чалавек.

Святар дадаў, што па ініцыятыве арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў Мінскім тэалагічным каледжы адкрываецца новая кваліфікацыя: «касцёльны сурдаперакладчык», а таксама з’яўляецца курс павышення кваліфікацыі для тых, хто ўжо скончыў каледж.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўручыў першакурснікам заліковыя кніжкі.

Навучэнцы падзякавалі арцыпастыру за прысутнасць і выказалі пажадані, а таксама павіншавалі выкладчыкаў і першакурснікаў.

Неафіцыйная частка праграмы працягнулася абедам і інтэрактыўным адпачынкам у доме пілігрыма, дзе ўсіх удзельнікаў сустрэчы шчыра прывітаў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк з Мінска. Імпрэза суправаджалася спевамі ў выкананні гурта Verbum Dei, а таксама танцамі, у якіх удзельнічалі ўсе ахвотныя.

Прыгожым падарункам ад арцыбіскупа стала ўжо славутая песня пра ручнікі ў яго ўласным выкананні, а ад душпастыра беларускіх пчаляроў ксяндза Уладзіслава Завальнюка ўсе атрымалі ў падарунак вядзерца мёду.

Заканчэнне сустрэчы адбылося у базыліцы, дзе ксёндз Дзмітрый Дубовік пазнаёміў прысутных з гісторыяй святыні. Перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай удзельнікі праспявалі літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі і атрымалі благаслаўленне.

 

Абноўлена 13.09.2022 09:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.