У нядзелю 4 верасня пры парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску прайшоў Другі фестываль хрысціянскай культуры. Тэмай сёлетняга форуму стала сакральная архітэктура.
Фестываль распачаўся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл).
Менавіта парафіяльная супольнасць Чырвонага касцёла і моладзевая місія «Чыстае сэрца» сталі суарганізатарамі сёлетняга фестывалю.
Праграма фестывалю была насычанай: кірмаш з літаратурай, прысмакамі, мёдам і мастацкімі вырабамі, гульні і конкурсы для дзетак. Гасцей частавалі пловам і блінамі, а таксама гарачымі напоямі — кавай і гарбатай.
У межах навуковай часткі фестывалю была прадстаўлена кніга ксяндза Уладзіслава Завальнюка «Залатая Горка», а таксама прагучалі даклады «Развіццё адукацыі пры кляштарах і касцёлах. Школы, калегіі, семінарыі» ксяндза Паўла Эйсманта і «Гісторыя і сучаснасць. Актуальны стан сакральнай архітэктуры» Станіслава Янчарскага.
Пасля дакладаў выступалі хоры з Чырвонага касцела «Голас Душы» і Verus cantus. Сапраўдным сюрпрызам стаў выступ вядомага гусляра Алеся Чумакова. Завяршыўся фестываль арганным канцэртам «Гукі барока».
У залатагорскім касцёле працуе выстава «Касцёлы Беларусі» Станіслава Янчарскага, якую можна будзе паглядзець у гэтым месяцы. Фота таксама размясцілі і на прыкасцёльнай тэрыторыі.