Пошук


У нядзелю 14 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.

Напярэдадні адпустовай урачыстасці тытулу гэтай старадаўняй святыні ў некаранаванай сталіцы Палесся іерарх памаліўся разам з мясцовымі вернікамі і іх пастырам, біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам.

Арцыпастыра сустракаў старадаўнім звычаем хлебам і соллю пры ўваходзе ў касцёл пробашч пінскай катэдральнай парафіі Павел Врубель разам з усёй парафіяльнай супольнасцю.

Запрасіўшы яго як Мітрапаліта ўвайсці ў галоўную святыню Пінскай дыяцэзіі, святар звярнуўся да іерарха з просьбай узначаліць цэлебрацыю святой Імшы.

У прывітальным слове арцыбіскуп Станеўскі сардэчна прывітаў біскупа Антонія Дзям’янку, канцлера Дыяцэзіяльнай курыі ксяндза Андрэя Рылку і  сабраных вернікаў, адзначыўшы, што як пілігрым прыбывае ў гэтую прыгожую, велічную катэдру, базыліку меншую, напоўненую малітвамі папярэдніх пакаленняў і сённяшніх пінскіх католікаў.

Іерарх узгадаў, як яшчэ будучы клерыкам, 21 мая 1991 года ўпершыню ўвайшоў у гэтую святыню.

«Я добра памятаю гэтую дату: гэта быў дзень кансэкрацыі ксяндза прэлата Казіміра Свёнтака на арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі. Мінула шмат гадоў з таго часу, але я даволі часта наведваў гэтую святыню, бо сапраўды сюды, у гэтае месца цягне, вабіць, заклікае.

Гэта веліч, гэта прыгажосць. Углядаючыся ў гэтую веліч, мы ідзем у памяць, у гісторыю, але сёння гэта мы пішам гісторыю. На пачатку сваёй паслугі арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, я прыбываю сюды, да свайго папярэдніка.

Памятаю, як вельмі часта святой памяці ксёндз кардынал Казімір Свёнтак казаў: „Гэта не я — гэта ты, біскуп Лазінскі, з’яўляешся біскупам Пінскай дыяцэзіі; гэта не я — гэта ты кіруеш“. Тады мы інакш на гэта рэагавалі, адносіліся да гэтых выказванняў.

Сёння, з гадамі, чалавек інакш разумее гэтыя словы. І таму прыбываю сюды, каб дакрануцца да Сведкі веры, святой памяці кардынала Свёнтка. Да саркафагу, але больш да яго асобы; да таго усяго, што праз яго было разам з вамі здзейснена тут, на гэтай палескай зямлі. А гэта вытрымка і трыванне ў веры.

Хачу запытаць яго, першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, як захаваць веру, як падтрымаць вернікаў?.. Уваходзячы сюды, у гэтую святыню, я знаходжу адказ: „Трывай пры Хрысце, будзь з Хрыстом“», — сказаў арцыбіскуп Станеўскі.

У прамоўленай на святой Імшы гаміліі арцыпастыр звярнуўся да ўдзельнікаў Эўхарыстыі словамі Хрыста: «Супакой вам».

«Гэтыя словы Езус Хрыстус выказаў да сэрцаў сваіх вучняў, устрывожаных, збянтэжаных. <…> Трэба было яшчэ не раз у школе Найсвяцейшай Панны Марыі, каб Ён дакранаўся да іх збянтэжанага сэрца, да іх жыцця і казаў:

„Супакой Вам! Не бойся, Я з’яўляюся Богам не кары, але Богам Любові, лагоднасці, дабрыні. Дакраніся да Мяне, прыйдзі да Мяне“.

Падчас Апошняй Вячэры Пан перамяняе хлеб у сваё Цела, каб застацца з намі; каб не толькі апосталы мелі свядомасць Яго прысутнасці, не толькі апосталы маглі дакрануцца і атрымаць сілы, але каб кожны ў гісторыі збаўлення мог дакрануцца да жывога Пана. Ён чакае нас і заахвочвае нас, умацоўвае нас: „Бярыце і ешце, каб не стаміліся ў дарозе“», — заўважыў арцыпастыр.

На заканчэнне святой Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі памаліўся на месцы пахавання сваіх папярэднікаў: у капліцы Маці Божай Вастрабрамскай пры ўваходзе ў пінскую катэдру, дзе спачываюць парэшткі Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, і ў крыпце святыні, дзе пахаваны кардынал Казімір Свёнтэк.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа