Пошук

13.08.2022 19:58   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

12 і 13 жніўня ў Лагішыне (Пінская дыяцэзія) праходзілі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся.

Адметнасць сёлетняга фэсту ў дыяцэзіяльным санктуарыі на Піншчыне — юбілей 25-годдзя з часу каранацыі цудатворнай іконы Маці Божай Лагішынскай і абвяшчэння Яе Каралевай Палесся і Апякункай Пінскай дыяцэзіі.

У першы дзень урачыстасці Лагішын вітаў пілігрымаў з Баранавічаў і Бярозы, а позна ўвечары тут адбылася святая Імша для пілігрымаў, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

На другі дзень святкаванне ў Лагішыне завяршылася ўрачыстай Эўхарыстыяй. Па запрашэнню біскупа Дзям’янкі цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Вітаючы прысутных на ўрачыстасці святароў, сясцёр законных, пілігрымаў, гасцей і мясцовых вернікаў, арцыпастыр адзначыў, што «менавіта ў Год гістарычнай памяці, вяртаючыся да каранёў малой радзімы, мы, як дзеці, прыходзім у дом нашай Маці, каб прасіць Яе аб дапамозе ва ўсіх нашых патрэбах».

Падчас святой Імшы з Божым словам да прысутных звярнуўся Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.

Найстарэйшы каталіцкі іерарх у нашай краіне прапанаваў звярнуцца да Святога Пісання, каб зразумець веліч сённяшняга свята, падкрэсліўшы, што «Біблія — гэта кніга мудрасці, якая адказае на ўсе магчымыя пытанні».

«Кніга Быцця распавядае, што чалавек быў створаны для шчасця, аднак праз зайздрасць д’ябла паддаўся спакусе і зграшыў, аддаліўшыся ад Бога. Але Бог не пакінуў чалавека; Бог паклікаў: „Адаме, не ўцякай! Я прыйду да цябе з дапамогаю!“ Гэтыя словы сталі рэчаіснасцю 2022 гады таму.

Калі Марыя малілася, Ёй з’явіўся Арханёл Габрыэль і паведаміў, што Яна стане Маці Сына Божага. І Марыя прыняла гэта, бо заўсёды была вернай Пану Богу», — коратка нагадаў біскуп Велікаселец гісторыю збаўлення, у якой выключную ролю Бог адвёў менавіта Панне Марыі.

Біскуп Велікаселец заахвоціў прысутных быць вернымі Богу падобна Марыі, сем абразоў якой былі каранаваны ў Беларусі за час пантыфікату святога Яна Паўла ІІ: у Брэсце, Будславе, Лагішыне, Гродне, Тракелях, Гудагаі і Браславе.

«Маці Божая ахінула ўсю Беларусь сваёй матчынай апекай. І таму мы як сапраўдныя дзеці сваёй Маці звяртаемся да Яе словамі старажытнай малітвы: „Памятай, о Найсвятейшая Панна Марыя, што ніколі не здаралася, каб пакінула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу кліча…“» — працытаваў іерарх словы малітвы да Багародзіцы, складзенай святым Бэрнардам.

На заканчэнне біскуп Казімір Велікаселец заклікаў удзельнікаў юбілейных урачыстасцяў у гонар Маці Божай Лагішынскай: «Браты і сёстры! Будзем жа маліцца з Марыяй да Пана Езуса, каб Ён узмацняў нас мудрасцю і любоў’ю».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа