Пошук

12.08.2022 22:44   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Увечары 12 жніўня ў мястэчку Лагішын, што на Піншчыне, распачаліся ўрачыстасці ў гонар цудадзейнай іконы Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся.

У гэтым годзе фэст у Лагішыне асаблівы, паколькі сёлета адзначаецца 25-гадовы юбілей з часу каранацыі лагішынскага абраза Багародзіцы папскімі каронамі і абвяшчэння Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, Апякункай Пінскай дыяцэзіі. Чвэрць стагоддзя таму гэты ўрачысты акт здзейсніў Сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк.

Спакойнае і ціхае зазвычай мястэчка ў дзень дыяцэзіяльнага фэсту ажыло. Яго напоўнілі радасныя спевы пілігрымаў, якіх на ўрачыстасці прыбыло больш за 250 асоб. Найбольш іх прыйшло з Баранавічаў і Бярозы.

Амаль чатыры дні яны пешкі ішлі да Матулі, каб аддаць ёй пашану ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы Палесся.

Сярод пілігрымаў былі людзі рознага ўзросту, адукацыі і сацыяльнага стану. Самаму малодшаму пілігрыму, Якубу, споўніўся ўсяго адзін гадок.

Тых, хто, перанесшы цяжар дарогі, дайшоў да мэты свайго духоўнага вандравання, сардэчна віталі мясцовыя парафіяне на чале з пробашчам лагішынскай парафіі ксяндзом Тадэвушам Шэшкам FDP, які благаслаўляў прыходзячых пілігрымаў.

Уражаннямі ад паломніцтва ў Лагішын падзялілася з Catholic.by Марыя Шкадзенка: «Я ў пілігрымцы дваццаць першы раз.

Было цяжка, асабліва ў першы дзень, але калі прыходзіш да Маці Божай, са слязьмі на вачах, то, нібы пры нараджэнні дзіцяці, стомленасць і цяжкасці забываюцца. Гэтае адчуванне проста невымоўнае.

Са мной крочылі мае трое дзетак, малодшаму Віцюшы толькі восем гадоў, але ён прайшоў увесь шлях».

Яшчэ адна ўдзельніца пілігрымкі, Аксана Ясінская з Ліды, ішла гэтым шляхам першы раз.

«Больш за ўсё уразіла, што людзі ў дарозе сустракалі нас з адкрытымі сэрцамі, і мы адчувалі сябе вялікай і дружнай сям’ёй. У наступны раз абавязкова пайду зноў разам са сваёй дачушкай», — падзялілася сваімі адчуваннямі і планамі жанчына.

 

Абноўлена 13.08.2022 12:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.