Пошук

09.08.2022 05:55   Тэкст: Ала Ярмак / Фота: тэлестудыя «Наш час» / Catholic.by

7 жніўня, 19-я звычайная нядзеля ў літургічным календары Каталіцкага Касцёла, стала незвычайным днём для католікаў Маладзечна: з пастырскім візітам парафію святога Юзафа наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Сустракалі шаноўнага госця на ўездзе ў горад каля фігуры Маці Божай пробашч парафіі святога Юзафа ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, дэкан Маладзечанскі, іншыя святары і вернікі.

Пасля таго, як картэж машын спыніўся перад касцёлам святога Юзафа, каля скульптурнай выявы святога Яна Паўла II, пад урачыстае біццё званоў усмешкамі, кветкамі, сцяжкамі Марыйных і папскіх колераў віталі вернікі свайго арцыпастыра. Ушанаваўшы рэліквіі святога Яна Паўла II, акрапіўшы прысутных асвячанай вадой, арцыбіскуп урачыста ўвайшоў у касцёл, дзе ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы. Разам з іерархам пры алтары маліліся ксёндз Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску ксёндз канонік Андрэй Яркавец, пробашч парафіі святога Казіміра ў Маладзечне брат Ігар Колзун ОFMCap, ксёндз вікарый Дзмітрый Чупрын.

У прывітальным слове пробашч коратка прыгадаў гісторыю парафіі святога Юзафа, адзначыўшы, што ў ёй адлюстравана гісторыя самога Касцёла на Беларусі, дзе былі і радасныя хвіліны, і цяжкая праца, і цемра атэізму, і надзея на аднаўленне.

Ксёндз Эдмунд ад імя парафіянаў паабяцаў малітоўную падтрымку ўсіх спраў і ініцыятываў арцыбіскупа і папрасіў яго ўзначаліць цэлебрацыю.

Арцыпастыр падзякаваў за цёплыя словы прывітання, дадаўшы, што Імшу ён цэлебруе ў інтэнцыі душпастыраў і ўсіх вернікаў маладзечанскай парафіі святога Юзафа: «Малюся за ўсіх тут прысутных і тых, хто знаходзіцца далёка ад нас. Атуляю сваёй малітвай тых, хто адышоў да вечнасці. Асабліва малюся аб дары непахіснай веры, да якой нас кліча Езус Хрыстус», — сказаў іерарх.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, што Год гістарычнай памяці, які мы перажываем, зноў і зноў вяртае нас да тых вытокаў, дзе мы ўпершыню сэрцам адчулі цеплыню бацькоўскай хаты, непаўторнасць матчынай песні, прыгажосць родных краявідаў. Мы ўзгадваем, як упершыню, яшчэ няўпэўнена, з дапамогай старэйшых, зрабілі знак крыжа, як спрабавалі паўтараць словы малітвы.

«Мова малітвы — гэта мова матулі. Маці часцей размаўляе з дзіцем мовай сэрца. Дбайце ж пра святыню свайго сэрца, каб яно было моцнае верай. Узірайцеся ў Найсвяцейшае Сэрца Езуса, наталяйцеся Ягонай мудрасцю і цярпеннем», — заахвоціў арцыпастыр.

Паводле арцыбіскупа, менавіта ад кожнага з нас залежыць будучыня Касцёла і свету. «Праз нас, праз нашу веру, нашыя ўчынкі, згодныя з Евангеллем, свет дазнаецца дарогу да Бога», — падкрэсліў ён.

Іерарх прывёў прыклад айцоў францішканаў з Івянца і сясцёр назарэтанак з Навагрудка, якія ў 1943 годзе сваім жыццём і сваёй смерцю пацвердзілі словы Езуса Хрыста, што «няма большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё за братоў сваіх».

«Яны не пыталіся аб поглядах, веравызнанні, характары тых людзей, за якіх яны дабравольна ахвяравалі сваё жыццё. Папа на пенсіі Бенэдыкт XVI назваў такія ахвярныя ўчынкі „крывавым мучаніцтвам“. Але ёсць яшчэ, па словах Папы, „белае мучаніцтва“, калі кожны дзень нясеш малітву, нясеш Евангелле іншым», — адзначыў іерарх. Прыкладам такога «белага мучаніцтва» ён назваў благаслаўлёную Цэліну Бажэнцкую, якая была звязана з роднай парафіяй арцыбіскупа.

Падчас ахвяравання дзеці, моладзь і дарослыя складалі сімвалічныя дары Пану і прасілі, каб сваёй ласкай Ён дапамог годна ўдзельнічаць у святой Імшы. Асабліва крануў прысутных дар цацак як знак дзіцячага даверу да Бога. Дзеці падаравалі карабель з пунсовымі ветразямі і прасілі Пана, каб Ён дапамагаў «капітану карабля нашай архідыяцэзіі» арцыбіскупу Станеўскаму рухацца курсам Божай праўды.

Хвалюючым момантам стаў дар копіі абраза Езуса Міласэрнага, якую намалявала маладзечанская парафіянка, мастачка Ядзвіга Сянько. Яна намалявала больш за 2000 ікон і карцін, якія знаходзяцца як у нашай краіне, так і за яе межамі, а ствраныя ёю копіі цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх Марыйных санктуарыяў ужо другі год пілігрымуюць па касцёлах нашай Беларусі.

Ад імя ўсіх парафіянаў сям’я Кавецкіх падзякавала арцыбіскупу за цудоўную магчымасць супольнай малітвы, бо менавіта супольная малітва прыносіць радасць, надзею і святло веры. Арцыбіскуп са свайго боку падзякаваў святарам, вернікам, моладзі і дзецям за гасцінны прыём і ўдзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне.

Перад развітаннем арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звярнуўся да усіх матуль і заспяваў песню «Родна маці мая», якая перакладзена на розныя мовы свету, але ўсюды гучыць пранікліва і ласкава.

Некаторыя з прысутных не змаглі ў гэты момант стрымаць слёз чуласці.

Праводзячы іерарха, вернікі парафіі святога Юзафа выказалі надзею на наступныя сустрэчы са сваім арцыпастырам.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.