Пошук

28.07.2022 11:11   Catholic.by

На 85-м Пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое 27 ліпеня прайшло ў Мінску, былі падведзены вынікі працы Сінадальнай камісіі, якую ўзначальвае біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Іерархі зацвердзілі «Падсумаванне па выніках дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў на тэму „На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія“».

  • Падсумаванне па выніках дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў на тэму «На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія». Поўны тэкст ТУТ>>>

Як вядома, 17 кастрычніка 2021 года ва ўсіх каталіцкіх дыяцэзіях Беларусі распачаўся дыяцэзіяльны этап Сіноду Біскупаў на тэму: «На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія», які доўжыўся да 27 ліпеня 2022 года. Як адзначаецца ва ўступе да падсумавання гэтага дыяцэзіяльнага этапу, метадам сінадальнага працэсу з’яўляецца слуханне, мэтай — распазнанне, а шляхам — удзел. На першым этапе Сіноду практычны ўдзел усіх ахвотных прадугледжваў адказ на пытанні анкеты.

Вынікі анкетавання былі апрацаваныя дыяцэзіяльнымі Сінадальнымі камісіямі, а пасля — камісіяй пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Гэты Сінод стаў першай у найноўшай гісторыі Касцёла нагодай выказацца наконт касцёльных праблем усім жадаючым. Шырокая тэматыка пытанняў і магчымасць выказвацца на адвольную тэму спрыяла адкрытаму і шчыраму дыялогу, дапамагла пастырам услухацца ў голас народа Божага і лепш зразумець яго чаканні, прапановы, крытычныя заўвагі.

Акрамя арганізатараў, у дыяцэзіяльным этапе Сіноду прыняла ўдзел адносна невялікая група духавенства, манаскіх асобаў і вернікаў. Як гэта відаць з анкетаў, гэтую групу склалі найбольш актыўныя практыкуючыя католікі, што цікавяцца жыццём Касцёла і імкнуцца ўнесці свае прапановы. На жаль, не ўдалося зацікавіць Сінодам іншыя катэгорыі насельніцтва: непрактыкуючых католікаў, вызнаўцаў іншых канфесій ці рэлігій, няверуючых і г.д. Таму адказы на пытанні анкеты не з’яўляюцца поўнасцю рэпрэзентацыйнымі: яны выяўляюць погляды адносна невялікай групы людзей — найбольш актыўных вернікаў. Нягледзячы на гэта, вынікі сінадальнай кансультацыі будуць карыснымі для лепшага развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

«Хочацца падкрэсліць пазітыўны аспект дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў: беларусы не прызвычаеныя шчыра выказвацца публічна, бо часта адчуваюць боязь і недахоп даверу да суразмоўцаў, таму трэба ацаніць іх удзел і падзякаваць тым, хто шчыра і адважна выказаўся на сінадальныя тэмы.

Відаць, што рэспандэнты маюць пэўны давер да Касцёла, адважваюцца на шчырасць, адкрываюцца на дыялог. Гэта ўжо і ёсць адзін з пладоў дадзенага Сіноду для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі», — заўважае ва ўступе біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Вынікі анкетавання прадстаўлены ў адзінаццаці пунктах падсумавання дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў у дыяцэзіях на Беларусі. У заключэнні каталіцкія біскупы нашай краіны перадусім адзначаюць каштоўнасць атрыманага матэрыялу для іх як для пастыраў. Адказы на падрыхтаваныя анкеты далі ім магчымасць пачуць голас больш актыўных вернікаў, зразумець іх клопаты, чаканні, узяць пад увагу іх прапановы і канструктыўную крытыку, што дапаможа яшчэ больш эфектыўна развіваць душпастырства ў дыяцэзіях.

Сінадальныя кансультацыі дазваляюць зрабіць наступныя канкрэтныя высновы:

  • свецкім асобам неабыякавы лёс Касцёла і яго будучыня, яны павінны прымаць больш актыўны ўдзел у жыцці Касцёла і ў вырашэнні яго праблем;
  • рэформа і ўдасканаленне дзейнасці Касцёла залежыць не ад колькасці выдадзеных дакументаў, але ад людзей і іх духоўнай фармацыі;
  • у місійнай дзейнасці Касцёла і яго адкрытасці да людзей часам перашкаджае бюракратыя;
  • у людзей існуе вялікая патрэба ў сведчаннях веры і жаданне, каб каштоўнасць Евангелля была больш бачнай, а цэнтрам жыцця Касцёла былі Эўхарыстыя і Божае слова;
  • цэлебрацыя літургіі — вяршыні касцёльнай дзейнасці, патрабуе лепшай падрыхтоўкі і ўдасканалення;
  • святары павінны больш грунтоўна рыхтавацца да гамілій, а катехеты — да лекцый па рэлігіі;
  • патрэбны катэхетычныя матэрыялы, якія адпавядаюць патрабаванням часу;
  • існуе вялікая неабходнасць заснавання парафіяльных Біблійных колаў і Школ новай евангелізацыі;
  • адносіны паміж святарамі і свецкімі павінны быць больш братэрскімі. Яны павінны больш актыўна супрацоўнічаць на карысць Касцёла. Святар павінен быць пастырам, а не валадаром;
  • духоўныя асобы павінны імкнуцца весці стыль жыцця ў адпаведнасці з тымі евангельскімі прынцыпамі, якія яны прапаведуюць;
  • неабходна больш актыўна выкарыстоўваць каталіцкія і свецкія СМІ для евангелізацыі;
  • жыццё патрабуе стварэння супольнасцяў каталіцкіх настаўнікаў, урачоў, псіхолагаў і г.д. з мэтай іх прафесійнай паслугі людзям;
  • Касцёл павінен бараніць праўду і выказвацца па актуальных пытаннях, зыходзячы з сацыяльнага вучэння.

«Спадзяёмся, што ўдзел Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў сінадальным працэсе Паўсюднага Касцёла будзе сапраўды карысным, бо дазволіць аб’ектыўна паказаць рэчаіснасць жыцця і дзейнасці Касцёла ў Беларусі, — а гэтая рэчаіснасць не заўсёды супадае з вялікімі выклікамі, перад якімі стаіць Паўсюдны Касцёл.

Ад усяго сэрца дзякуем Святому Айцу, папу Францішку, за адвагу склікаць чарговы Сінод Біскупаў на тэму сінадальнасці, за яго вялікае жаданне слухаць голас усіх членаў Хрыстовага Касцёла і распазнаваць, у якім кірунку трэба супольна крочыць.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі дзякуе ўсім тым, хто шчыра адгукнуўся на заклік прыняць удзел у дыяцэзіяльным этапе Сіноду Біскупаў і прысвяціў свой час, каб праз малітву, асабістыя разважанні, а пасля — праз адказы на прапанаваныя пытанні падзяліцца сваім бачаннем рэчаіснасці Касцёла ў Беларусі з мэтай яго далейшага эфектыўнага і паспяховага развіцця», — пішуць каталіцкія біскупы Беларусі ў заключэнні.

Падсумаванне завяршае малітва-пажаданне іерархаў: «Няхай Дух Святы кіруе і надалей нашым Касцёлам дзеля сумеснай сінадальнай адказнасці за ўсіх яго членаў пад кіраўніцтвам адзінага Валадара — Езуса Хрыста».

Абноўлена 28.07.2022 11:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.