Пошук


Сустрэча папскага пасланніка на будслаўскія ўрачыстасці кардынала Крыстафа Шонбарна з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам адбылася 1 ліпеня ў Мінску.

У ходзе сустрэчы каталіцкая дэлегацыя на чале з аўстрыйскім іерархам наведала Мінскую Духоўную акадэмію Беларускай Праваслаўнай Царквы. Візіт распачаўся з наведвання храма Кірылы Тураўскага, аглядную экскурсію па якім для гасцей правёў рэктар акадэміі а. Сяргей Акімаў, які распавёў пра гісторыю царкоўнага комплекса.

Затым для гасцей была арганізавана міні-экскурсія па царкоўна-гістарычным музеі ў сценах акадэміі. Ідэя стварэння музея, прысвечанага гісторыі хрысціянства на беларускіх землях, належала Марыі Нецветаевай, былой студэнтцы акадэміі, якая і пазнаёміла кардынала з экспазіцыяй.

Далей каталіцкую дэлегацыю чакала сустрэча з Мітрапалітам Паўлам. Праваслаўны іерарх, вітаючы кардынала, адзначыў, што вельмі рады бачыць арыбіскупа Вены ў сценах акадэміі. Варта адзначыць, што Мітрапаліт Павел у свой час чатыры гады з’яўляўся епіскапам Венскім і Аўстрыйскім (з 1999 па 2003 гг.). 

У ходзе размовы, якая прайшла ў сяброўскай атмасферы, былі закрануты пытанні рэлігійнай адукацыі ў беларускіх школах. Абодва бакі выказалі шкадаванне ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася.«У людзей, якія не атрымалі ў свой час багаслоўскай адукацыі, адсутнічае імунітэт перад шарлатанамі і псеўдарэлігіямі», — адзначыў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.


Напрыканцы сустрэчы іерархі абмяняліся сімвалічнымі падарункамі. Праваслаўны іерарх перадаў у дар аўстрыйскаму госцю ікону Маці Божай.

«Я вельмі рады быў Вас бачыць. Жадаю Вам благаслаўлёнага часу прабывання ў Беларусі, — сказаў Мітрапаліт Павел. — Вы заўсёды жаданы госць у нашай акадэміі».

Каталіцкі іерарх у сваю чаргу падзякаваў Мітрапаліту Паўлу за цёплы прыём і адзначыў, што адчувае сябе вельмі ўтульна ў праваслаўнай навучальнай установе: «Яшчэ падчас вывучэння дагматычнай тэалогіі я зразумеў, што я дыхаю двума лёгкімі, адно з якіх належыць каталіцтву, а другое — праваслаўю». 


Кардынал Крыстаф Шонбарн з’яўляецца актыўным прыхільнікам у пытанні дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

У 1980-87 гг. ён быў членам камісіі па дыялогу паміж праваслаўнымі і рыма-католікамі Швейцарыі, а з 1984 года з’яўляецца членам аўстрыйскага фонду «Pro Oriente», створанага для падтрымкі адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Цэрквамі. Іерарх з’яўляецца таксама ганаровым доктарам праваслаўнага багаслоўскага факультэта ўніверсітэта ў Бухарэсце (з 2000 г.).

Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага



Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця