Пошук

11.07.2022 13:55   Паводле: Catholicnews.by

10 ліпеня ў пасвячаным напярэдадні касцёле святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску ў прысутнасці правінцыяла Велікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса айца Збігнева Лячкоўскага SI адбылася цырымонія ўрачыстага манаскага абяцання айца Віктара Жука, езуіта.

Як нагадвае сайт Catholicnews.by, айцец Віктар Жук нарадзіўся ў 1979 годзе ў Пінску, у 2003 годзе ўступіў у навіцыят Таварыства Езуса. У межах фармацыі ў ордэне езуітаў атрымаў адпаведную тэалагічную і філасофскую адукацыю. 14 жніўня 2014 года ў Мінску з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату, стаўшы фактычна першым святаром езуітам у сучаснай гісторыі Беларусі.

З чэрвеня 2019 года з’яўляецца пробашчам парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску, вядзе актыўную дзейнасць па ўсёй Беларусі, распаўсюджваючы ігнацыянскую духоўнасць.

З’яўляецца аўтарам гамілій на нядзелі і ўрачыстасці, якія рэгулярна публікуюцца на партале Catholic.by.

Урачыстыя манаскія абяцанні адбываліся падчас святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў айцец правінцыял Збігнеў Лячкоўскі. У прамоўленай гаміліі езуіцкі настаяцель засяродзіўся на евангельскім тэксце 15-й звычайнай нядзелі, у якім Езус апавядае прыпавесць пра Добрага самараніна. Святар падкрэсліў, што ў гэтай прыпавесці Збаўца паказвае любоў як канкрэтнае служэнне іншаму чалавеку, адзначыўшы, што менавіта такому служэнню ў духу харызмы святога Ігнацыя Лаёлы прысвячае сябе яго сабрат Віктар Жук.

Пры гэтым айцец правінцыял адзначыў, што дапамога людзям не абмяжоўваецца дапамогай выключна духоўнай і адбываецца ў канкрэтных формах паводле мясцовых абставін. Таму ў кожным месцы, дзе дзейнічаюць езуіты, яны перш за ўсё прыкладаюць намаганні для распазнання чалавечых патрэбаў і іх задаволення згодна з Божай воляй.

«Сёння, калі айцец Віктар Жук дасць свае ўрачыстыя манаскія абяцанні ў ордэне езуітаў, ён такім чынам скажа „хачу дапамагаць душам“. Цяпер яго асабістае заданне — дапамагаць душам тут, у Білеве, у парафіі святога Уладзіслава, але, канечне, яму патрэбна і ваша дапамога, падтрымка», — дадаў айцец Збігнеў Лячкоўскі.

Перад абрадам святой Камуніі айцец Віктар Жук даў урачыстыя абяцанні беднасці, чыстасці і паслухмянасці — агульныя для ўсіх манахаў, а таксама адмысловае езуіцкае абяцанне асаблівай паслухмянасці Святому Айцу. Ад імя генеральнага настаяцеля Таварыства Езуса гэтыя абяцанні прыняў правінцыял Велікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса айцец Збігнеў Лячкоўскі SІ.

Напрыканцы святой Імшы парафіяне павіншавалі айца Віктара і падзякавалі правінцыялу езуітаў за прысутнасць у такі важны момант манаскага жыцця іх пробашча. Вернікі таксама выказалі падзяку бацькам святара за тое, што добра выхавалі сына для Бога і на служэнне людзям. Айцец Віктар Жук, са свайго боку, падзякаваў парафіянам за віншаванні, добрую арганізацыю святочнай літургіі і штодзённую падтрымку, якая, як прызнаўся пробашч, неабходная кожнаму святару.

Абноўлена 11.07.2022 17:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.