Аўторак 28 чэрвеня стаў другім і заключным днём 12-й Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, якая сёлета праходзіла пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне.
Другі дзень парафіяды распачаўся святой Імшой у касцёле Насвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці.
Цэлебрацыю святой Імшы за ўсіх арганізатараў і ўдзельнікаў мерапрыемства ўзначаліў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, а кіраўнік аргкамітэту парафіяды ксёндз Артур Малафей цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі усіх спонсарау і ахвярадаўцаў, якія прычыніліся да арганізацыі гэтай сёлетняй сустрэчы дзяцей і моладзі.
Гамілію прамовіу ксёндз Віктар Ханька, які нагадаў сабраным, што парафіяда з’яуляецца менавіта такім часам, дзе Бог адкрывае сэрца чалавека, каб яго напоўніць сваей ласкай.
У другі дзень праходзілі спаборніцтвы ў розных дысцыплінах спорту, таму пасля снедання хлопцы і дзяўчаты перамясціліся на гродзенскі стадыён «Нёман».
Нягледзячы на спёку, кожны стараўся паказаць найлепшы вынік, каб здабыць узнагароды, але таксама памятаў словы біскупа Кашкевіча, адрасаваныя ўдзельнікам падчас Імшы аб тым, што «не золатам, срэбрам ці бронзай трэба ўзбагачацца, але найперш верай».
Пасля двухдзённых спаборніцтваў і конкурсаў у розных дысцыплінах творчага, спартыўнага і інтэлектуальнага характару пераможцамі сёлетняй парафіяды сталі: парафія Найсвяцейшай Тройцы (Рось) у намінацыях «святыня» і «тэатр», а парафія Найсвяцейшай Тройцы (Індура) у намінацыі «спорт».
Пасля ўзнагароды кожнага з прысутных чакаў салодкі сюрпрыз.
12-я Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі завяршылася, але, як зазначалі ўдзельнікі, успаміны аб гэтым часе застануцца ў іх памяці, і ў наступным годзе яны ўжо плануюць з радасцю зноў сустрэцца на парафіядзе.