Пошук

28.06.2022 10:00   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч адзначае 30-годдзе з дня прэзбітэрскага пасвячэння, якое ён прыняў 28 чэрвеня 1992 года ва ўспамін святога Ірэнэя, біскупа і мучаніка, з рук арцыбіскупа Спліт-Макарскай архідыяцэзіі ў Харватыі Антэ Юрыча.

Ваша Эксцэленцыя, шаноўны арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь,

ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыміце сардэчнае віншаванне з нагоды 30-годдзя святарства.

Адказаўшы Хрысту «так» на Яго пакліканне, Вы прыйшлі на працу ў вінаграднік Пана ў складаны для Вашай Бацькаўшчыны час, калі людзей падзяляла нянавісць і брат узняў руку на брата. Вы на ўласным досведзе ведаеце, як важна імкнуцца да захавання міру і згоды ў чалавечай сям’і, і цяпер як прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне несяце беларускаму народу пасланне аб усеагульным братэрстве, якое засноўваецца на Божай любові, што праявілася ў акце стварэння чалавека і дасягнула сваёй кульмінацыі ў збаўчай Ахвяры Хрыста на крыжы.

Вось ужо трыццаць гадоў Вы як святар складаеце на алтары гэтую збавенную Ахвяру, а Вашае служэнне Касцёлу і Святому Айцу з’яўляецца яе працягам і актуалізацыяй у будаванні братэрства паміж народамі на дыпламатычнай службе Святога Пасаду.

Божы Провід так распарадзіўся, што 30-годдзе Вашага святарства прыпадае ў адзін год з 30-годдзем усталявання дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь. Цяпер Вы тут як высокі прадстаўнік Святога Айца працягваеце місію Вашых дастойных папярэднікаў, а таксама святога біскупа Ірэнэя Ліёнскага, які даў усім нам, пастырам, прыклад таго, як «абараняць праўдзівую навуку і супакой у Касцёле».

У дзень 30-годдзя Вашага святарства мы скіроўваем малітву да добрага Бога, каб шчодра благаславіў Вас на далейшым шляху Вашага служэння і праз заступніцтва святога Ірэнэя, біскупа і мучаніка, аднавіў ва ўсіх нас веру і любоў, «каб мы заўсёды імкнуліся да згоды і адзінства» (пар. Успамін святога Ірэнэя, біскупа і мучаніка, Калекта).

✠ Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 

✠ Юрый Касабуцкі
Генеральны сакратар
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Абноўлена 28.06.2022 10:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа