Пошук

27.06.2022 17:45   Тэкст: Марыя Кукліс / Фота: Марыя Кукліс, Аляксей Дзядзюля / Catholic.by

24 і 25 чэрвеня ў фаніпальскай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса i Беззаганнага Сэрца Марыi, што ў Дзяржынскім раёне, адбылася адпустовая ўрачыстасць. На яе прыбылі мясцовыя парафіяне, а таксама госці з Мінска.

Барацьба, вера і еднасць — гэтымі трымя словамі, бадай, найлепш можна апісаць лёс касцёла ў Фаніпалі. Каталіцкая супольнасць невялічкім гарадку каля Мінска была афіцыйна зарэгістравана ў 2000 годзе, а будаўніцтва касцёла распачался ў 2006 і доўжыцца да гэтага часу.

На працягу шасці гадоў вернікі намагаліся атрымаць дазвол на будаўніцтва, але кожны раз сутыкаліся з перашкодамі.

Першапачаткова святая Імша цэлебравалася ў мясцовым палацы культуры, пазней вернікам удалося адрамантаваць старэнькі дом, які быў спісаны гарадскімі ўладамі і падлягаў зносу. Ён стаў першай каплічкай, дзе парафіяне збіраліся на супольную малітву.

Калі нарэшце быў выдзелены зямельны ўчастак, вернікі зноў сутыкнуліся з цяжкасцямі. На пляцоўцы, вызначанай пад будаўніцтва, знаходзіліся самавольна ўзведзеныя жыхарамі горада сховішчы для захоўвання гародніны, з якімі яны не жадалі развітвацца. Але ў Бога няма нічога немагчымага, і гэтая перашкода з Яго волі таксама знікла і стала часткай гісторыі. Сёння фаніпальская святыня ўжо мае сцены і дах, праводзяцца ўнутраныя працы.

З Божай волі сталася так, што касцёл у Фаніпалі носіць падвойны тытул — Сэрца Езуса і Сэрца Марыі, таму парафіяльны адпуст тут доўжыцца два дні.

Галоўныя ўрачыстасці распачаліся святой Імшой увечары ў пятніцу. Цэлебрацыю ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Дзяніс Шастаковіч у інтэнцыі ўсіх вернікаў, якія ўтвараюць парафіяльную супольнасць. Іх імёны былі прачытаны на пачатку Эўхарыстыі. У прамоўленай гаміліі ксёндз Дзяніс разважаў над таямніцай Сэрца Езуса — сімвалам любові Бога да чалавека.

Цэлебрацыю ўрачыстай адпустовай Імшы ў суботу — дзень, прысвечаны Сэрцу Марыі, — узначаліў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк. Менавіта яму належыць ініцыятыва адраджэння фаніпальскай парафіі. Каля 20-і гадоў таму разам з мясцовымі вернікамі ён упершыню звярнуўся да ўладаў з просьбай зарэгістраваць каталіцкую супольнасць.

Ксёндз Уладзіслаў разважаў над роляй маці ў жыцці кожнага чалавека, а таксама заклікаў вернікаў быць адным цэлым, бо толькі ў еднасці крыецца сапраўдная моц.

Напрыканцы ўрачыстасці ксёндз Дзяніс скіраваў словы падзякі найперш Пану Богу за магчымасць маліцца разам, ксяндзам Уладіславу, Станіславу і Аляксандру, якія падзялілі з фаніпальскімі вернікамі радасць парафіяльнага свята, хору Verbum Dei за прыгожы і ўрачысты спеў, а таксама ўсім парафіянам, якія нястомна клапоцяцца пра тое, каб распачатая праца ўрэшце дасягнула мэты.

Завяршылася свята смачным салодкім пачастункам, які прыгатавалі руплівыя гаспадынькі, і музычнай праграмай.

Каб завяршыць будаўніцтва касцёла, фаніпальскім вернікам патрэбна матэрыяльная падтрымка. Як дапамагчы парафіі, можна даведацца на старонцы супольнасці ТУТ>>>

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа