
У нядзелю 19 чэрвеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці дзесяці вернікам парафіі святога Валянціна ў Смалявічах.
«Хрыстус уваскрос», — гэтымі словамі, у якія ўкладзена сутнасць хрысціянскай веры, прывітаў арцыпастыр сабраных у смалявіцкім касцёле мясцовых вернікаў. У прамоўленай гаміліі іерарх нагадаў, што ўваскрасенне Хрыста напоўніла апосталаў не толькі радасцю, але і трымценнем, бо некаторыя здрадзілі Яму.
«Аднак Езус прыходзіць пасля ўваскрасення не для таго, каб асудзіць іх, а каб умацаваць», — заўважыў арцыбіскуп.
Ён заклікаў вернікаў, якія прынялі сакрамэнт канфірмацыі, а таксама ўсіх прысутных даваць сведчанне веры ў сваім асяроддзі, каб усе людзі ў Смалявічах ведалі дарогу ў святыню.

Напрыканцы ўрачыстасці новыя апосталы шчыра падзякавалі арцыбіскупу Станеўскаму за ўдзелены сакрамэнт хрысціянскай сталасці і за скіраваныя ім словы настаўлення.
У вершаванай форме яны пазнаёмілі арцыпастыра, які ўпершыню ў якасці Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта наведаў іх супольнасць, з жыццём парафіі.
Завяршылася ўрачыстасць Чэрвеньскім набажэнствам і Літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, у якой усе прысутныя прасілі Езуса ўчыніць іх сэрцы падобнымі да Ягонага Сэрца.



























