18 чэрвеня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі, што на Гомельшчыне, шматлікія вернікі Мазырскага дэканата сабраліся на супольную малітву, каб разам прасіць Духа Святога сысці на кандыдатаў да канфірмацыі, а ўсіх прысутных аднавіць у мужным вызнанні і сведчанні сваёй веры.
Цэлебрацыю Эўхарыстыі, падчас якой групе вернікаў быў удзелены сакрамэнт хрысціянскай сталасці, узначаліў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Найстарэйшага ў нашай краіне каталіцкага іерарха вернікі Нароўлі гасцінна прывіталі хлебам-соллю.
У часы атэістычнага рэжыму вернікі Грушаўкі і Нароўлі на Палессі мужна баранілі сваю веру.
Не маючы ні касцёла, ані святара, яны трымаліся сваёй веры, якую перадавалі наступным пакаленням.
Збіраліся на малітву па дамах, пазней — каля прыдарожных крыжоў.
Падобна рабілі і старэйшыя вернікі Лельчыцаў, Мазыра і іншых парафій гэтага рэгіёна. Каб прымаць святыя сакрамэнты, ім даводзілася ў пошуках святара вандраваць далёка ад дома: у Жытомір, Кіеў, Мінск, Пінск і іншыя мясціны. Падобным чынам некаторыя вернікі ездзілі на святую Імшу ў кожную нядзелю і свята, а каб прыняць сакрамэнт канфірмацыі, католікі Грушаўкі і Нароўлі мусілі ехаць у іншыя парафіі.
Таму ў дзень, калі іх супольнасць наведаў біскуп Велікаселец, сэрцы вернікаў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі напоўніліся вялікай радасцю і ўдзячнасцю Божаму Провіду, бо ім давялося стаць сведкамі гістарычнай падзеі.
Упершыню ў сценах нараўлянскага касцёла Дух Святы сышоў на кандыдатаў да канфірмацыі.
Сакрамэнт хрысціянскай сталасці з рук найстарэйшага беларускага іерарха прынялі не толькі мясцовыя парафіяне, але і кандыдаты з іншых парафій Мазырскага дэканату: Лельчыцаў, Мазыра, Калінкавічаў, Петрыкава, Брынёва, Хойнікаў, Ельска і Грушаўкі.
Звяртаючыся да сабраных, біскуп падкрэсліў важную ролю Духа Святога ў Касцёле і ў жыцці чалавека. Ён заклікаў берагчы чысціню душы і не паддавацца граху, бо «грэх забірае разум».
Іерарх заахвоціў людзей як мага часцей маліцца, чытаць Святое Пісанне і імкнуцца да святасці па прыкладу святых.
На заканчэнне святой Імшы біскуп Казімір Велікаселец благаславіў новы абраз Арханёла Міхала, напісаны для нараўлянскага касцёла, а мясцовы пробашч і прысутныя вернікі выказалі іерарху словы падзякі.