Пошук

17.06.2022 11:09   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Вольга Сяліцкая / Grodnensis.by

16 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, у Гродне пасля двухгадовага перапынку, абумоўленага пандэміяй каранавірусу, прайшла Эўхарыстычная працэсія па вуліцах горада.

Як паведамляе Grodnensis.by, напачатку ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя адбылася ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На малітве сабраліся вернікі з усіх гродзенскіх парафій разам са святарамі і законнымі сёстрамі. Прысутнічала шмат дзяцей, якія ў гэтым годзе прыступілі да Першай Камуніі.

У прамоўленай гаміліі біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што ўрачыстасць Божага Цела — нагода абудзіць сваю веру ў тое, што ў маленькай белай Гостыі, змешчанай у манстранцыі, якую нясуць у працэсіі вуліцамі горада, да людзей насустрач выходзіць Езус Хрыстус — жывы і сапраўдны.

«Гэта той самы Хрыстус, які калісьці хадзіў па палестынскіх дарогах, вучыў, аздараўляў, вызваляў з моцы злога духа, чыніў іншыя цуды і знакі, а потым быў выдадзены, катаваны, памёр на крыжы і на трэці дзень уваскрос», — дадаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што кожны раз, калі цэлебруецца святая Імша, ажыццяўляецца — значыць становіцца рэчаіснасцю, прысутнай тут і цяпер, амаль датыкальнай, хоць і схаванай у сакрамэнтальных знаках — тая самая Ахвяра Езуса Хрыста, прынесеная за нас на крыжы.

Па словах біскупа, «праз Эўхарыстыю мы ўжо тут, на зямлі, носім у сабе задатак несмяротнасці, бо ўдзельнічаем у Ахвяры Езуса Хрыста, якая нас вызваліла ад смерці вечнай».

Далей іерарх казаў пра тое, што ў працэсіі Божага Цела Пан Езус выходзіць насустрач чалавеку са сваёй бясконцай любоўю, «калі нясем Яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, Ён уваходзіць у нашу рэчаіснасць, мінае дамы вернікаў і няверуючых, старанных і абыякавых, мінае крамы і ўстановы, гатэлі, школы і бальніцы, месцы, у якіх праходзіць жыццё звычайных, слабых, грэшных людзей, каб несці ім сваё благаслаўленне».

«Дык пойдзем жа з радасцю, ведаючы, што маем Бога блізкага і поўнага любові, для якога мы важныя, якога варта любіць і які дапамагае нам любіць іншых», — заахвоціў біскуп.

Пасля літургіі распачалася працэсія па вуліцах горада. Па традыцыі яна мела чатыры прыпынкі: каля катэдральнага, пабрыгіцкага, пабэрнардынскага касцёлаў і скончылася каля францішканскага касцёла.

На кожным прыпынку гучалі ўрыўкі з Евангелля.

Паколькі ў горадзе над Нёманам жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, Евангелле чыталася на розных мовах: беларускай, рускай, польскай, літоўскай і англійскай.

Працэсію ўпрыгожылі музычным суправаджэннем дыяцэзіяльны хор «Cantate Domino» пад кіраўніцтвам Генрыха Давідовіча i духавы аркестр, што зрабіла яе больш урачыстай і спрыяла яе адпаведнаму перажыванню.

На заканчэнне працэсіі на ўзгорку каля францішканскага касцёла біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў прысутным за ўдзел і супольную малітву.

Асабліва падзякаваў ён усім тым, хто ўзяў на сябе справу арганізацыі гэтай урачыстасці.

Словы ўдзячнасці іерарх выказаў таксама ўладам горада Гродна за прыхільнасць у правядзенні працэсіі, супрацоўнікам міліцыі, хуткай дапамогі і ўсім, хто клапаціўся пра тое, каб святкаванне прайшло годна і бяспечна.

Абноўлена 17.06.2022 11:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця