![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-011.jpg)
12 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Марыі Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях сабраліся прадстаўнікі Францішканскага ордэна свецкіх з усёй Беларусі на супольную малітву разам з арцыбіскупам эмэрытам Тадэвушам Кандрусевічам.
Заслужаны іерарх узначаліў для сабраных удзельнікаў Трэцяга ордэна святога Францішка цэлебрацыю святой Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы.
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-006.jpg)
Вітаючы прысутных, арцыпастыр адзначыў, што святы Францішак Асізскі з’яўляецца заснавальнікам свецкіх супольнасцяў вернікаў, якія па-за мурамі кляштараў жывуць харызмай гэтага ордэна.
«Адсутнасць бачных знакаў прыналежнасці да манаскай супольнасці з’яўляецца выклікам практыкаваць францішканскую духоўнасць у свецкім жыцці і шансам ісці туды, куды не заўсёды можа трапіць святар або манах. Гэта вельмі важна ў наш час, калі многія жывуць так, як быццам Бог не існуе.
У гэтым сэнсе інстытут тэрцыярыяў пакліканы адыграць сваю незаменную ролю ў распачатым Святым Айцом Францішкам сінадальным працэсе, які цяпер адбываецца ў Касцёле», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён дадаў, што беларускія тэрцыярыі прыйшлі да Божай Маці Тракельскай, каб дзякаваць Богу за пакліканне, аднавіць і паглыбіць такое патрэбнае ў Касцёле служэнне свецкіх вернікаў у духу харызмы святога Францішка, набрацца новага духа і энергіі ў служэнню Касцёлу.
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-010.jpg)
«Па Божым Провідзе свята беларускіх францішканскіх тэрцыярыяў сёлета супадае з урачыстасцю Найсвяцейшай Тройцы. Гэта аб’яўленая нам таямніца веры, што Бог адзін у трох асобах: Бог Айцец, Сын і Дух Святы. Яна нагадвае аб еднасці і непадзельнасці адзінага ў трох асобах Бога.
Менавіта такога адзінства і ўзаемнай любові так не хапае сучаснаму свету.
Колькі падзелаў у сем’ях, у грамадствах! Колькі нянавісці, гвалту і ваенных дзеянняў! Колькі зла! А ўсё таму, што паміж людзьмі няма адзінства. Мы не ўмеем бачыць у іншым чалавеку свайго брата і сястру, таму застаемся ў жыццёвай цемры.
Дасягненне адзінства ў такім падзеленым свеце з’яўляецца нялёгкай справай. Яно патрабуе ўзаемнага прабачэння і будавання еднасці ў разнастайнасці. Недахоп еднасці, якая грунтуецца на любові, перашкаджае ў будаванні справядлівага свету», — канстатаваў іерарх, звярнуўшы ўвагу на актуальнасць у сувязі з гэтым дэвізу служэння святога Францішка і яго духоўных паслядоўнікаў: «Супакой і дабро».
«Не будзе міру і справядлівасці без даверу Богу, без жыцця ў праўдзе і любові», — сцвердзіў арцыпастыр.
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-005.jpg)
«Ля падножжа Божай Маці Тракельскай ўзгадаем словы Марыі ў Кане Галілейскай: „Зрабіце ўсё, што вам скажа Сын“. Гэта духоўны запавет Марыі.
Як тады стаўся цуд перамянення вады ў віно, таксама і ў наш час здзейсніцца цуд усталявання міру, калі мы будзем паслухмянымі словам Езуса: „Будзьце дасканалымі, як дасканалы ёсць ваш нябесны Айцец“.
Быць дасканалым азначае жыць згодна з Божай праўдай», — настаўляў тэрцыярыяў заслужаны беларускі іерарх.
На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў беларускую сям’ю Францішканскага ордэна свецкіх «браць прыклад са Святой Тройцы, з Панны Марыі і ў духу вернасці харызме святога Францішка Асізскага дапамагаць людзям імкнуцца да дасканаласці ў любові, якая творчая і якая будуе новы справядлівы свет».
![](/3/images/previews/news/2022/06/14734/s-2022-06-12-trakeli-001-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2022/06/14734/s-2022-06-12-trakeli-002-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2022/06/14734/s-2022-06-12-trakeli-003-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2022/06/14734/s-2022-06-12-trakeli-004-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2022/06/14734/s-2022-06-12-trakeli-005-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2022/06/14734/s-2022-06-12-trakeli-006-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2022/06/14734/s-2022-06-12-trakeli-007-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2022/06/14734/s-2022-06-12-trakeli-008-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2022/06/14734/s-2022-06-12-trakeli-009-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2022/06/14734/s-2022-06-12-trakeli-010-cb.jpg)
![](/3/images/previews/news/2022/06/14734/s-2022-06-12-trakeli-011-cb.jpg)
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-001.jpg)
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-002.jpg)
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-003.jpg)
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-004.jpg)
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-005.jpg)
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-006.jpg)
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-007.jpg)
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-008.jpg)
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-009.jpg)
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-010.jpg)
![](/3/images/news/2022/06/14734/2022-06-12-trakeli-011.jpg)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/left.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/right.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)