У панядзелак 6 чэрвеня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску.
У Чырвоным касцёле прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне маліўся аб спыненні войнаў і аб міры ў свеце перад копіямі цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх Марыйных санктуарыяў.
Гэтыя іконы былі правезены пілігрымамі ўздоўж межаў Беларусі і цяпер перэгрынуюць па розных парафіх нашай Бацькаўшчыны.
Разам з нунцыем маліліся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікасаелец, а таксама гасцінны гаспадар, пробашч парафіі святога Сымона і святой Алена ў Мінску ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, іншыя святары і шматлікія вернікі.
У прамоўленай гаміліі нунцый Ёзіч нагадаў словы святога Папы Паўла VI, які, звяртаючыся да Айцоў Другога Ватыканскага Сабору, «сцвердзіў, што Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца Маці Касцёла». Раскрыўшы біблійныя і тэалагічныя падставы мацярынства Маці Божай у адносінах да ўсяго Касцёла і кожнага з вернікаў — духоўных братоў Езуса Хрыста, — прадстаўнік Святога Айца адзначыў, што «пабожнасць Касцёла да Найсвяцейшай Панны з’яўляецца неад’емным элементам хрысціянскага культу».
«Марыя з’яўляецца Маці Касцёла, таму што, будучы Маці Хрыста, Яна таксама з’яўляецца Маці вернікаў і пастыраў Касцёла, якія разам з Хрыстом утвараюць адзінае Містычнае Цела», — падсумаваў іерарх. Ён дадаў, што «Касцёл аддае Багародзіцы выключны культ, які бярэ пачатак з першых гадоў існавання Касцёла і будзе працягвацца вечна, згодна з прарочымі словамі Марыі: „Благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні“».
Звяртаючыся да ўдзельнікаў святой Імшы, ватыканскі дыпламат сказаў: «Дарагія браты і сёстры, сёння мы сабраліся, каб папрасіць у Маці Божай заступіцца за нас перад Яе Сынам Езусам, каб сучасны свет адкрыў трывалы мір, мір без войнаў.
Маці наша, крані сэрцы палітычных лідараў, што нясуць адказнасць за пошук рашэнняў, якіх ад іх чакаюць людзі, дзеля вырашэння палітычных праблем шляхам дыялогу і справядлівасці», — звярнуўся з просьбай да Багародзіцы прадстаўнік Святога Пасаду.
На заканчэнне гаміліі Апостальскі нунцый скіраваў да Маці Касцёла малітоўныя заклікі: «Прымі, о Маці, нашыя сціплыя малітвы і дапамажы нам быць больш уважлівымі да Тваёй любові да нас. Марыя, Маці Касцёла, суправаджай заўсёды Твой Касцёл, які звяртаецца да Цябе, і вядзі свой народ да Твайго Сына Езуса. Марыя, Маці Касцёла, маліся за нас».
Падчас урачыстасці ў Чырвоным касцёле нунцый Ёзіч благаславіў яшчэ пяць копій славутых Марыйных абразоў нашай Бацькаўшчыны.
Яны з’явіліся пазней і дапоўнілі восем першых выяваў, якія прадстаўнік Святога Айца благаславіў год таму ў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску.
Як адзначыў ініцыятар перэгрынацыі Марыйных абразоў па Беларусі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, плануецца, што да вялікага Юбілею двухтысячагоддзя Адкуплення ў 2033 Святым годзе, копіі цудадзейных ікон Маці Божай наведаюць усе парафіі Беларусі, якіх сёння налічваецца больш за 500.
Пасля святой Імшы, якую ўпрыгожыў духоўнымі спевамі парафіяльны хор «Голас душы», Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч сустрэўся з грэка-каталіцкім духавенствам Беларусі.
У гэты дзень святары Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў архімандрытам Сяргеем Гаекам распачалі ў Мінску духоўныя практыкаванні.
Падчас сустрэчы прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне благаславіў грэка-каталіцкае духавенства на плённае іх перажыванне і памаліўся разам з прадстаўнікамі Царквы частку Акатыста да Маці Божай.