Пошук

07.06.2022 11:11   Фота: Аляксей Ціхан / Catholic.by

У нядзелю 5 чэрвеня, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў парфіі Святога Духа ў гродзенскаім мікрараёне Альшанка.

Падчас Эўхарыстыі заслужаны іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі чатыром дзясяткам вернікаў гэтай маладой каталіцкай супольнасці горада на Нёмане.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў пра тое як у Пяцідзесятніцу Святы Дух кардынальна змяніў апосталаў і аб’яднаў людзей розных нацыянальнасцяў, моваў і культур у адзіны Хрыстовы Касцёл.

«Мы таксама атрымліваем яго ў сакрамэнце канфірмацыі, але чаму не змяняем нашага жыцця?

Чаму паступаем як пагане? Адказ адзін: Святы Дух натхняе нас на добрыя справы, але толькі ад нас залежыць прыняць яго ці адкінуць», — адзначыў арцыпастыр.

Іерарх дадаў, што Святы Дух адыгрывае фундаментальную ролю ў жыцці чалавека: кіруе ім, узрушвае сумленне і вядзе да навяртання. «Сваім святлом Ён асвятляе яго, каб быў сведкам Евангелля. З’яўляецца яго духоўным кіраўніком, каб ён перамяняўся духоўна і такім чынам перамяняў аблічча зямлі, каб не заблукаў па дарозе ў порт вечнага шчасця. Аднак гэта магчыма толькі тады, калі мы адкрыемся для Яго дзеяння.

Сам сакрамэнт канфірмацыі не дапаможа нам, калі мы не дазволім Святому Духу дзейнічаць у нас», — перакананы арцыбіскуп.

Ён заўважыў, што ў сучасным свеце існуе шмат праблем, прычына якіх крыецца ў крызісе веры і маральнасці, таму «Касцёл моліцца да Духа Святога, каб сышоў і абнавіў зямлю.

«Свет патрабуе пастаяннага абнаўлення. Таксама і мы павінны змяняцца. Свет такі, якімі мы з’яўляеемся, бо мы яго творым. Калі мы будзем лепшымі, то і свет будзе лепшы. <…> Новыя часы патрабуюць новага чалавека, выхаванага на нязменных хрысціянскіх каштоўнасцях», — сцвердзіў арцыбіскуп, заахвоціўшы моладзь не баяцца прыняць Духа Святога.

«Не баяцца духоўнай рэвалюцыі, мэтай якой з’яўляецца якасная змена маральнага жыцця. Інакш нашае хрысціянства будзе толькі прыгожай абалонкай без унутраннага духоўнага зместу», — заклікаў юнакоў і дзяўчат арцыпастыр.

На заканчэнне гаміліі заслужаны іерарх нагадаў, што менавіта моладзі належыць будучыня.

«Наша краіна патрабуе не толькі выдатных палітыкаў, інтэлектуалаў і спецыялістаў у розных галінах гаспадаркі, але таксама высокамаральных і духоўна багатых людзей. Прыміце Святога Духа. Напоўніцеся ім і яго сямю дарамі.

Смела абвяшчайце і бараніце Хрыстовую праўду, якая з’яўляецца гарантыяй шчаслівага жыцця на зямлі і дасягнення радасці вечнага шчасця», — пажадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч гродзенскай моладзі.

 

Абноўлена 07.06.2022 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа