Пошук

07.06.2022 15:50   Тэкст: Кс. Юзаф Сярпейка / Фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

У нядзелю 5 чэрвеня, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах, што на Магілёўшчыне.

У горадзе, дзе калісьці знаходзіўся адзін з найбольш шанаваных на нашых землях цудадзейных абразоў Багародзіцы, пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўдзяліў мясцовым вернікам сакрамэнт канфірмацыі.

Каля невялічкай парафіяльнай капліцы іерарха сустрэлі хлебам-соллю бялыніцкія католікі на чале са сваім пробашчам ксяндзом Юзафам Сярпейкам.

Падчас святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі, ён маліўся ў інтэнцыі ўсёй парафіі, прысутных на ўрачыстасці святароў, а таксама за дабрадзеяў і аб паспяховым адраджэнні санктуарыя Маці Божай Бялыніцкай.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп узгадаў словы Папы Францішка пра важнасць цаніць цяперашнюю хвіліну, магчымасці і чалавека, які цяпер побач.

«Мы маем спакусу вяртацца думкамі ў мінулае. Аднак нам належыць зразумець, што не будзе ўжо так, як было ў мінулым. Не будзе такога Касцёла, які быў у мінулым — і да выпрабавання пандэміяй каранавіруса і таго, які быў нашмат раней. Езус кажа нам захоўваць Яго вучэнне, а Дух Святы нам аб гэтым нагадвае ўвесь час, у сённяшні час», — падкрэсліў арцыпастыр.

«Сёння вы таксама можаце мець спакусу думаць, якая парафія была раней, колькі вернікаў і пілігрымаў сыходзілася ў касцёл у часы велічы культу Найсвяцейшай Панны Марыі Бялыніцкай. Аднак жыць трэба сённяшнім днём, маючы перад сабою мэту будаваць Божае Валадарства цяпер і тут, сярод гэтых людзей. Трываючы ў вучэнні Хрыста і слухаючыся натхненняў Духа Святога, вы заўважыце, што кожны, хто сустрэнецца з вамі і паразмаўляе нават хвіліну, будзе ведаць, што вы з Бялынічаў. Вас будзе характарызаваць тая выключная сувязь з Богам, якая здабываецца менавіта сёння. Сёння — гэтае слова азначае выключнасць кожнага моманту жыцця, якое дае нам Стварыцель.

Бялыніцкая іскра выйдзе з вашай невялікай супольнасці. Мы можам пытацца, ці гэта магчыма? Магчыма, бо нават з дванаццаці апосталаў нарадзіўся Касцёл, які мае такую вялікую колькасць паслядоўнікаў.

„Дух вее, дзе хоча“. Малюся, каб і вы адчувалі Яго пастаянную прысутнасць сярод вас у ціхім павеве ветру», — запэўніў бялыніцкіх вернікаў і іх душпастыра іерарх.

Сакрамэнт канфірмацыі ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога прынялі ў Бялынічах дзевяць асобаў. За ўдзелены сакрамант хрысціянскай сталасці яны скіравалі арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму словы шчырай падзякі.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця