Пошук

30.05.2022 16:43   Тэкст: Ксёндз Генадзь Лаўніковіч SCJ / Фота: бр. Корнэль Консэк SVD / Catholic.by

У суботу 28 мая ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах адбылася ўрачыстасць прыміцыйнай святой Імшы ксяндза Уладзіслава Чуйко, сэрцаніна, які паходзіць з гэтай парафіі.

Ксёндз Уладзіслаў Чуйко SCJ нарадзіўся 29 ліпеня 1994 года. Пасля заканчэння ліцэя ў Баранавічах паступіў на факультэт кіравання і эканомікі ў Падляскую акадэмію ў Седльцах (Польшча), якую скончыў у 2014 годзе, атрымаўшы ступень ліцэнцыяту. Адчуўшы голас паклікання, у тым жа годзе ўступіў у Кангрэгацыю Святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцанаў).

Пасля належнай фармацыі і абароны магістарскай працы па фундамэнтальнай тэалогіі, 14 мая у семінарыі гэтай законніцкай супольнасці ў Стадніках (Польшча), прыняў святарскае пасвячэнне ў ступені прэзбітарату.

Прыміцыйную святую Імшу новапрэзбітэр цэлебраваў у сваёй роднай парафіі ў Баранавічах. На парозе святыні маладога святара прывітаў пробашч ксёндз Валянцін Новак разам з мясцовымі вернікамі, якія ўрачыста ўвялі прыміцыянта ў святыню, дзе ён упершыню цэлебраваў Найсвяцейшую Ахвяру. Разам з ім канцэлебравалі святары, якія прыбылі на гэтую ўрачыстасць з розных мясцін Пінскай дыяцэзіі, а таксама з іншых куткоў Беларусі.

Гамілію на святой Імшы прамовіў ксёндз Эдуард Сінкевіч SCJ, стрыечны брат новапрэзбітэра. У Божым слове ён нагадаў свайму маладому сабрату, а таксама ўсім прысутным святарам, галоўныя заданні святарскага служэння, а менавіта прапаведваць Евангелле і несці Бога вернікам праз цэлебрацыю святых сакрамэнтаў.

На заканчэнне прыміцыйнай святой Імшы новапрэзбітэр падзякваў Богу за дар святарства, а таксама выказаў словы ўдзячнасці бацькам і усёй сям’і за падтрымку на шляху да святарства, пробашчу і ўсім людзям, якія яго падтрымлівалі і працягваюць падтрымліваць.

Эўхарыстыя завяршылася адмысловым прыміцыйным благаслаўленнем, якое новапрэзбітэр удзяліў кожнаму асабіста. Дэвізам свайго прэзбітэрскага служэння малады святар сэрцанін выбраў словы з псальма: «Няхай прыхільнасць Пана Бога нашага будзе над намі, і працу нашых рук умацуй, умацуй справу рук нашых» (Пс 90 (89), 17).

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця