Пошук

24.05.2022 17:44   Catholic.by

24 мая 2022 года ў Мінску прайшло чарговае, 84-е Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У пасяджэнні, якое прайшло ў будынку Апостальскай нунцыятуры ў Мінску, узялі ўдзел Старшыня ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны сакратар ККББ біскуп Юрый Касабуцкі, Віцэ-старшыня ККББ біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч і Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек.

На пачатку сустрэчы прадстаўнік Папы Францішка прывітаў удзельнікаў у Апостальскай нунцыятуры, пажадаў ім плённай працы і даручыў заступніцтву Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.

Сабраныя на чарговым Пленарным пасяджэнні ККББ абмеркавалі бягучыя пытанні на парадку дня.

Між іншым, быў разгледжаны і зацверджаны план сёлетніх урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, якія пройдуць пад дэвізам «Каралева супакою, маліся за нас».

Падрабязная праграма фэсту Будслаў 2022 будзе апублікавана пасля ўзгаднення з органамі ўлады на партале епіскапату Catholic.by.

Біскупы абмеркавалі і зацвердзілі план фармацыі семінарыстаў першага курсу духоўных семінарый.

Была адобрана ініцыятыва сясцёр з законніцкай Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля адносна дзевяцігадовай навэнны з нагоды 200-годдзя аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі святой Кацярыне Лябурэ, якое будзе адзначацца ў 2030 годзе.

Сабраныя іерархі заслухалі прапановы адносна далейшай дзейнасці Пастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прадстаўленыя яго дырэктарам ксяндзом Віталіем Дабраловічам.

Акрамя таго, на парадку дня Пленарнага пасяджэння яго ўдзельнікамі быў абмеркаваны шэраг іншых пытанняў адносна жыцця і дзейнасці Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Наступнае Пленарнае пасяджэнне ККББ плануецца правесці 27 ліпеня ў Мінску.

Мінск, 24 мая 2022 г.

Юрый Касабуцкі
Генеральны Сакратар ККББ

Кс. канонік Юрый Санько
Сакратар

Абноўлена 25.05.2022 09:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.