Пошук


22 мая, у шостую Велікодную нядзелю, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, падчас якой 40 дзяцей прынялі Першую святую Камунію.

У прамоўленай з гэтай радаснай нагоды гаміліі заслужаны іерарх нагадаў словы Езуса Хрыста дазволіць дзецям прыходзіць да Яго і падкрэсліў, што «Першая Камунія — гэта свята дзяцей, сям’і і парафіі».

Па традыцыі арцыбіскуп задаў дзецям некалькі пытанняў, але прасіў не адказваць на іх, бо гэта, маўляў, «не экзамен». На пытанні ён адказваў сам. Такім чынам арцыпастыр правёў для маленькіх вернікаў апошнюю перад Першай Камуніяй катэхізацыю.

«Чаму гэты дзень павінен застацца ў памяці дзяцей як вельмі важны і шчаслівы? — Бо да іх прыходзіць надзвычайны госць: сам Збаўца. <…> Як Езус прыходзіць да нас? — У выглядзе кансэкраванага хлеба і віна. Падчас Апошняй Вячэры Ён перамяніў хлеб і віно ў сваё Цела і Кроў і такім чынам устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі. Чаму Езус прыходзіць у постацях хлеба і віна? — Бо мы не можам жыць без ежы, а чалавеку патрэбна таксама духоўная ежа, якой з’яўляецца Эўхарыстыя.

Што трэба рабіць пасля прыняцця Езуса ў святой Камуніі? — Неабходна падзякаваць Езусу за тое, што Ён прыйшоў у наша сэрца. Таксама неабходна несці Езуса ў свае дамы і школы, як Марыя несла Езуса пад сваім сэрцам у дом святой Альжбеты. Гэта азначае, што трэба паводзіць сябе добра, бо сам Бог знаходзіцца ў нашых сэрцах і душах», — настаўляў дзяцей арцыбіскуп перад іх сустрэчай з Хрыстом, прысутным у Эўхарыстыі.

Іерарх падзякаваў святарм і катэхетам, якія падрыхтавалі дзяцей да Першай Камуніі, а таксама выказаў падзяку бацькам за клопат аб духоўным выхаванні сваіх нашчадкаў. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што з Першай споведдзю і Камуніяй не завяршаецца духоўная фармацыя.

«Яе трэба працягваць. Для гэтага пры парафіі арганізуюцца ўрокі рэлігіі для дзяцей, якія ўжо прынялі Першую Камунію.

Бацькі павінны паклапаціцца, каб дзеці хадзілі на гэтыя заняткі. Яны таксама павінны даваць ім добры прыклад штодзённай малітвы, удзелу ў Імшы ў нядзелю і святы, частую споведзь і Камунію», — адзначыў арцыпастыр.

На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў дзецям і іх бацькам Божага благаслаўлення на гэтым шляху і выказаў надзею, што кожную нядзелю і свята яны будуць прымаць актыўны ўдзел у святой Імшы.

 

Абноўлена 23.05.2022 12:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця