Пошук

18.05.2022 15:17   Уладзіслаў Зарэцкі ASC / sdb.by

З 8 па 15 мая ў парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, што пад Мінскам, праходзілі першыя ў гісторыі гэтай парафіяльнай супольнасці Святыя місіі, якія праводзілі ксяндзы рэдэмптарысты Віктар Бохан і Эдвард Пяцельчыц.

Як паведамляецца на сайце салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, распачаліся місіі ў нядзелю 8 мая. Пробашч парафіі ў Бараўлянах ксёндз Казімір Шыдэлка SDB перадаў місіянерам ключы ад касцёла і стулу як сімвал пастырскай улады ў парафіі. Пробашч таксама даручыў святарам сваю паству, просячы аб духоўным аднаўленні для бараўлянскай парафіяльнай супольнасці.

Праграма місій была дастаткова насычанай, кожны дзень адбываліся набажэнствы з канкрэтнай тэматыкай, звязанай паміж сабою і скіраванай на аднаўленне і ўзбагачэнне адносін чалавека з Богам.

Вернікі перажылі набажэнства Крыжовага шляху, адарацыі Крыжа, перапрашэння за грахі, сакрамэнт споведзі, аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, малітву за хворых людзей, малітву за сем’і, цяжарных жанчын і дзяцей. Кожная Эўхарыстыя распачыналаяся з запальвання пасхала, які сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, а ўвечары ўсе сустракаліся на асаблівым набажэнстве пад назвай «Марыйны заклік», падчас якога вернікі слухалі сведчанне пра Маці Божую, маліліся на ружанцы і спявалі Марыйныя спевы.

Завяршыліся Святыя місіі ўрачыстай святой Імшой у нядзелю, падчас якой адбылося асвячэнне місійнага крыжа, а таксама ўсіх крыжоў, якія з сабой прынеслі парафіяне. Усе ўдзельнікі Святых місій пры выкананні неабходных умоў змаглі атрымаць поўны адпуст.

Напрыканцы парафіяне і пробашч падзякавалі місіянерам за час адновы, Слова Божае, навуку і служэнне на працягу гэтых васьмі дзён. Ксяндзы рэдэмптарысты, у сваю чаргу, падзякавалі ксяндзу Казіміру, ксяндзу Віктару Гайдукевічу SDB, сястры Дар’і Еўтухоўскай FMA, а таксама ўсім парафіянам за добрыя словы і гасціннасць.

Абноўлена 18.05.2022 15:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.