Пошук

11.05.2022 13:45   Жанна Закрэўская / kascelmery.by / Відэа: YouTube-канал мёрскага касцёла

Увечары 9 мая ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія) адбылася святая Імша ў дзясятую гадавіну з дня смерці ксяндза каноніка Уладаса Пятрайціса, шматгадовага пробашча мёрскай парафіі.

Як паведамляецца на парафіяльным сайце Kascelmery.by, значаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, гамілію прамовіў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку святой Імшы біскуп Буткевіч адзначыў: «Ксёндз Уладас Пятрайціс для парафіі і для Мёршчыны мае асаблівае значэнне. Ён застанецца ў нашай памяці найперш сваёй адданай працай, сваёй шчырасцю, сваім энтузіязмам, якога хапала не толькі на мёрскую парафію.

Святар, які, між іншым, быў літовец, вучыў нас, беларусаў, беларускай мове. Ён збіраў на святыя Імшы вялікую колькасць людзей, сярод якіх было шмат мужчын. Сёння дзякуем Пану Богу, што дазволіў ксяндзу Уладасу быць на гэтым месцы, весці нас у Нябеснае Валадарства», — падкрэсліў пастыр Віцебскай дыяцэзіі.

Успамінамі пра ксяндза Пятрайціса падзяліўся ў прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч, які вучыўся разам з ксяндзом Пятрайцісам у духоўнай семінарыі ў Каўнасе. Арцыпастыр, між іншым, заўважыў: «Святарства — гэта не прафесія; святарства — гэта пакліканне. Падчас прыміцыйнай Імшы новапрэзбітэрам часта жадаюць, каб „з пад яго рукі“ выйшаў хоць бы адзін святар.

„З пад рукі“ ксяндза Уладаса выйшлі дзесяць святароў. Гэта вялікі прыклад для нас, біскупаў і святароў. Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI на сустрэчы са святарамі ў Варшаве ў 2006 годзе сказаў: „Вы павінны быць спецыялістамі ў спатканні чалавека з Богам“. Ксёндз Уладас Пятрайціс імкнуўся быць такім спецыялістам», — адзначыў заслужаны іерарх.

Напрыканцы Імшы пробашч мёрскай парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці прысутным: біскупу Алегу Буткевічу за цэлебрацыю Эўхарыстыі, арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за прамоўленую гамілію, святарам і вернікам за супольную малітву.

Пробашч падзякаваў таксама тым, хто аказаў дапамогу ў падрыхтоўцы фотавыставы і падзяліўся ўспамінамі пра ксяндза Уладаса Пятрайціса.

Пасля Эўхарыстыі святары і вернікі памаліліся каля магілы ксяндза Уладаса Пятрайціса на прыкасцёльным цвінтары аб супакоі для яго душы.

 

Абноўлена 11.05.2022 17:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа