6 і 7 мая ў Мінску адбылося развітанне з прафесарам Станіславам Шушкевічам, былым Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР і першым лідарам незалежнай Беларусі.
Вядомы беларускі вучоны, палітычны і грамадскі дзеяч адышоў у вечнасць 3 мая ў Мінску на 88-м годзе жыцця ў выніку ўскладненняў пасля перанесенага каранавіруснага захворвання. Станіслаў Шушкевіч прычыніўся да вяртання вернікам каталіцкіх святынь, у тым ліку катэдральнага касцёла Найсвяцейшага імя Марыі, касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвонага касцёла) ў Мінску, а таксама комплексу былога кляштара бэрнардынаў у Гродне, дзе размясцілася вышэйшая духоўная семінарыя і пасля трох пакаленняў атэістычнага пераследу распачалася падрыхтоўка беларускіх каталіцкіх святароў.
Развітанне са спачылым Станіславам Шушкевічам праходзіла ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі — сімвале вясны Касцёла на Беларусі, што распачалася разам з нашай новай дзяржаўнасцю, ля вытокаў якой стаяў Станіслаў Шушкевіч.
З вечара 6 мая ў касцёл прыходзілі тысячы людзей, каб развітацца са спачылым. Як выраз сваёй шчырай павагі, сардэчнай любові і непадробнай удзячнасці яны неслі жывыя кветкі і запальвалі знічы.
7 мая апоўдні адбылася пахавальная святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім маліліся арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, святары і шматлікія вернікі. Прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.
Развітацца са спачылым прыбыла прафесар Эльжбета Смулэк, якая была першым паслом Польшчы ў Беларусі.
Да сабраных у галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, многія з якіх не змясціліся ўсярэдзіне і стаялі звонкі, далучыліся сотні тых, хто глядзеў анлайн-трансляцыю жалобнага набажэнства на партале Catholic.by.
На пачатку цэлебрацыі арцыбіскуп Станеўскі зазначыў, што прысутныя ў святыні сабраліся, каб падзякаваць Богу і чалавеку за сустрэчу, нагадаўшы словы Папы Францішка, што жыццё чалавека — гэта не адлік пражытых гадоў, а сустрэча. У прамоўленай гаміліі іерарх заўважыў, што развітанне з блізкім чалавекам з’яўляецца балючым, «але наша развітанне з памерлым напоўненае вялікай хрысціянскай надзеяй на тое, што мы зноў сустрэнемся».
Гаворачы пра асобу спачылага, арцыпастыр адзначыў, што хоць ён і не быў актыўным католікам, але быў выхаваны ў каталіцкім духу.
«З цеплынёю ён узгадваў сваю бабулю, якая вучыла яго ў малітве звяртацца да Бога, паказвала высакародны шлях жыцця чалавека вернага Богу і Айчыне. Станіслаў Станіслававіч як навуковец прызнаваў, што толькі дасягненнямі прыродазнаўчых навук немагчыма растлумачыць з’яўленне і існаванне свету, а таксама развіццё чалавецтва», — сказаў арцыбіскуп, узгадаўшы, што калісьці Станіслава Шушкевіча моцна ўразіла пачутая ім у Польшчы прамова Караля Вайтылы, будучага святога папы Яна Паўла ІІ, чые словы яго духоўна ўмацавалі, абудзілі сумленне і паўплывалі на яго далейшае жыццё.
«Сёння мы сабраліся дзеля развітання з першым кіраўніком незалежнай Беларусі.
Жыццё святой памяці Станіслава прыпала на гістарычны перыяд вялікіх перамен у нашай бацькаўшчыне і ва ўсім свеце. Гэта быў час вялікіх выпрабаванняў і вялікіх надзей. Намаганнямі святой памяці Станіслава і рашэннямі тагачаснай улады былі вернутыя многія касцёльныя будынкі, у тым ліку гэтая катэдральная святыня, у якой мы цяпер знаходзімся, а таксама будынак вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што ён сам як семінарыст разам са сваімі калегамі меў магчымасць асабіста падзякаваць Станіславу Шушкевічу за магчымасць навучання ў сценах гродзенскай семінарыі.
На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў удзельнікаў набажэнства даручыць душу памерлага Станіслава моцы Уваскрослага Хрыста і атуліць малітвай таксама яго родных і блізкіх, выказваючы ім шчырыя словы спачування і падтрымку.
На заканчэнне святой Імшы са словам да прысутных звярнуўся арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які са слязьмі ўзрушэння ў голасе нагадаў, што Станіслаў Шушкевіч стаяў ля вытокаў незалежнасці Беларусі, ствараў гэтую незалежнасць, прабіваў для яе шлях і пакінуў глыбокі след у гісторыі нашай краіны. Заслужаны іерарх узгадаў пра тры пакаленні атэістычнага пераследу, якія параўнаў з трыма днямі знаходжання Хрыста ў магіле.
«На трэці дзень пасля таго, як атэістычны рэжым прыйшоў на гэтую зямлю, гэтая зямля пачала ўваскрасаць, і ў гэтым таксама вялікая заслуга Станіслава Станіслававіча. Ён быў выбраны Богам, быў пастаўлены ў адпаведным месцы і ў адпаведны час.
Бог дзейнічае праз людзей, і тое, што адбылося 8 снежня 1991 года ў Віскулях — гэта пачатак новай гісторыі нашай краіны», — сцвердзіў арцыпастыр, выказаўшы словы падзякі спачыламу за яго адкрытае сэрца і мужнае адзстойвнне правоў чалавека, сярод якіх важнае месца займае права на свабоду веравызнання. Адзначыўшы ўнёсак Станіслава Шушкевіча ў справу адраджэння Касцёла ў Беларусі, арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў прамову малітоўным заклікам: «Ты шмат учыніў дабра; няхай добры Бог за гэтае дабро аддзячыць табе дабром жыцця вечнага ў сваім Валадарстве».
Абрады апошняга даручэння і развітання ў касцёле правёў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Алег Буткевіч, які таксама ўзначаліў цэлебрацыю пахавання на мінскіх Паўночных могілках, дзе быў пахаваны першы лідар незалежнай Беларусі.
Падчас жалобнай цырымоніі прысутны на пахаванні Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі пан Артур Міхальскі зачытаў спачувальны адрас з нагоды смерці Станіслава Шушкевіча ад прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды.