ЗВАРОТ
на Нядзелю Добрага Пастыра 2022 года
біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
Старшыні Камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Глыбокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы,
Дарагія браты і сёстры!
Чацвёртая Велікодная нядзеля, якую называюць нядзеляй Добрага пастыра, традыцыйна распачынае тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця. Гэта адносна новая традыцыя, бо яна бярэ пачатак у 1964 годзе. Раней адмысловай нядзелі малітвы аб пакліканнях не было. Але, калі з сярэдзіны XX стагоддзя назіраецца змяншэнне пакліканняў, такая малітва ўсяго Касцёла застаецца актуальнай і сёння. Бачачы рэчаіснасць нашага Касцёла ў Беларусі, калі асабліва непакоіць недахоп святароў, мы павінны горача маліцца аб пакліканнях. Мы добра ведаем, што нам патрэбныя святары.
Нам патрэбныя ўзорныя і верныя, мэтанакіраваныя, радасныя, палымяныя святары.
Чаму? Таму што яны з’яўляюцца прысутнасцю Пана сярод нас.
Як сказаў святы пробашч з Арса святы Ян Віянэй, без святарства мы не мелі б з намі Пана. Без святара няма ні сакрамэнтаў, ані святой Камуніі, ані адпушчэння грахоў. А якая ласка для сям’і, калі Бог кліча аднаго з яе дзяцей на службу Пану! Падумайце, што прыносіць у сям’ю сын святар, брат святар ці дзядзька святар? Ён садзейнічае спакою, велікадушнасці, звышнатуральнаму духу, адчуванню прысутнасці Бога. Ён хрысціць сваіх пляменнікаў і пляменніц, удзяляе ім першую Камунію, ён побач у радасці і ў цяжкіх выпрабаваннях, ён удзяляе шлюб сваім братам і сёстрам, калі-небудзь ён будзе трымаць руку сваёй пакутуючай маці або паміраючага бацькі. Усім ён з радасцю і пяшчотай гаворыць пра апякунку свайго жыцця, Найсвяцейшую Панну Марыю. Касцёлу і ўвогуле свету патрэбныя святары, але і кожнай сям’і таксама. Святы Ян Боско меў рацыю, калі сцвярджаў, што «найвялікшы дар, які Бог можа даць сям’і — гэта сын святар».
Чаму цяпер мала святароў? Давайце падумаем пра ваганні, што могуць стрымліваць маладых людзей, якіх заклікае Бог.
Бог па-ранейшаму кліча да служэння. Цяпер не менш заклікаў. Не хапае менавіта адказаў.
Многія маладыя людзі пакліканы, але не ведаюць гэтага, таму што яны не вядуць належнага малітоўнага жыцця, або сапраўднага ўнутранага жыцця. Бог кліча ў цішыні сэрца, а не па тэлефоне і не ў інтэрнэце.
Іншыя маладыя людзі чуюць гэты заклік, але іх ахоплівае страх. Іх палохаюць адрачэнні, ахвяра жыцця ў цэлібаце, ва ўбостве, чыстасці і паслухмянасці. Яны заўважаюць толькі тое, ад чаго трэба адмовіцца, каб ісці за Хрыстом, і не ўсведамляюць таго багацця ласкаў, што прыносіць «дар і таямніца» святарства. Бо Пан не дае пераўзыходзіць сябе ў шчодрасці. Ён умее ўзнагародзіць у сто разоў больш. Спытайце ў сваіх святароў, ці шкадуюць яны аб тым, што аддалі сваё жыццё Пану. Хрыстус умее зрабіць шчаслівымі сваіх самых блізкіх сяброў. Святары — гэта першае кола сяброў Езуса. Яны Яго блізкія, родныя, Яго выбраныя. Якая радасць ведаць, што цябе выбраў Езус! Менавіта гэтая радасць дазваляе прынесці ахвяры, якія ад гэтага часу не з’яўляюцца цяжкімі. Як сказала святая Тэрэза з Лізьё, «Пан любіць тых, хто дае з радасцю». Мы верым, што сучасная моладзь не менш шчодрая, чым у мінулым. Прынамсі, мы на гэта спадзяемся.
Нарэшце, у некаторых існуе памылковае ўяўленне пра святара. У апошні час святарская ідэнтычнасць скажаецца. Сёння нават вобраз святара моцна скажоны. Яго трэба аднавіць у святле таго, што святар — самы важны і асаблівы чалавек у свеце. Святар, з-за даручанай яму місіі, не такі чалавек, як іншыя. Святарскае пасвячэнне змяніла яго душу, каб надаць ёй форму, адпаведную Пану.
Хрыстус застаецца адзіным пасрэднікам, адзіным святаром, але Ён памнажае праяўленне свайго святарства, памнажаючы сваю прысутнасць, узнаўляючы сваё ўцелаўленне. Сапраўды, святар — гэта Хрыстус.
Мы бачым гэта пры алтары, у сэрцы святыні, на паўдарозе паміж небам і зямлёй, калі святар атаясамлівае сябе з Хрыстом да такой ступені, што дзейнічае ў Яго асобе, in persona Christi. Не з Ім, але праз Яго і ў Ім Хрыстус робіць сваю ахвяру прысутнай. Святар трымае ў сваіх асвячоных руках Таго, каго свет не можа ўтрымаць, крохкую гостыю, якая, тым не менш, з’яўляецца стваральнікам і гаспадаром свету. Якое ж тады шчасце ўдзяляць святую Камунію, каб вярнуць душам сілы, спакой, радасць! Святар — самы карысны чалавек у свеце. І гэта пацвярджаецца ў канфесіянале: святар дае Божае прабачэнне. Якая таямніца!
Як пісаў святы Тамаш Аквінскі, прабачэнне душы — гэта нешта большае, чым стварэнне свету. Святар кожны дзень можа зрабіць нешта больш дзівоснае, чым стварэнне свету.
Таму кожны малады чалавек павінен задаць сабе пытанне аб пакліканні. Гэта важнае заданне, сур’ёзная неабходнасць. Многія пакліканыя і не ўсведамляюць гэтага. Трэба хоць бы раз сур’ёзна задаць сабе пытанне, сузіраючы Укрыжаванне, сказаць сабе: «Ён зрабіў гэта для мяне, а што я зраблю для Яго?»
Мы чакаем ад кандыдатаў у семінарыю, каб яны мелі шматлікія якасці, але асабліва чакаем, каб у іх быў запал. Няма паклікання без запалу. Як даведацца, ці кліча мяне Бог? Гэта залежыць найперш ад любові, якою Ён мяне натхняе. Калі Ён мяне захоплівае, гэта відавочны знак, што Ён мяне кліча. Возьмем прыклад Шарля дэ Фуко, які прызнаўся: «Як толькі я даведаўся, што ёсць Бог, я зразумеў, што магу жыць толькі дзеля Яго».
Калі Бог кліча, тады ўсё іншае не цікавіць, ты хочаш прысвяціць сябе найважнейшаму, адзіна неабходнаму.
Гэты заклік з’яўляецца запрашэннем да асаблівай блізкасці з Хрыстом, якой жылі апосталы.
Сапраўды, можна любіць літургію, як любяць, напрыклад, вайсковыя цырымоніі, можна мець доктарскую ступень па тэалогіі ў свецкім стане, можна спачуваць бліжнім, не будучы святаром; але святара адрознівае яго надзвычайная любоў да Бога. Вернікі хочуць бачыць у святары гэтыя асаблівыя адносіны, гэтую асаблівую блізкасць, гэтае радаснае полымя. Святар павінен быць Божым чалавекам, каб у ім вернікі і ўсе людзі бачылі любоў, міласэрнасць, спагаду, цярплівасць, суперажыванне, заўсёдную гатоўнасць дапамагчы — гэта значыць усе якасці, уласцівыя Езусу Хрысту, Добраму Пастыру.
Такім чынам, сапраўды, святар адмаўляецца ад многіх рэчаў, але, вядома, не адмаўляецца ад шчасця. А быць святаром — гэта і ёсць тое невымоўнае шчасце, якое мае сваю крыніцу ў малітве і кульмінацыяй якога з’яўляецца цэлебрацыя Імшы і сакрамэнтаў. Быць святаром — значыць быць шчаслівым настолькі, наколькі ніхто іншы не можа быць. Як сказаў благаслаўлёны Эдвард Поппэ, няма нікога шчаслівейшага за святара, які выконвае сваё заданне.
Дарагія браты і сёстры, майце ўзвышанае меркаванне пра святарства і любіце святароў, якія, вядома, таксама, як людзі, маюць свае недахопы, бо пасвячэнне — гэта не кананізацыя, але яны таксама напоўненыя любоўю да Бога і ахвярнага прысвячэння сваім авечкам.
Калісьці святы папа Павел VI сказаў, што сённяшняму свету патрэбны «сведкі Божай Прысутнасці», а таксама патрэбны пастыры, на ўзор Езуса Хрыста Добрага Пастыра, якія будуць клапаціцца, каб не загінула ніводная авечка.
Калі б мы былі крыху больш перакананыя ў прыгажосці і неабходнасці святарства, тады, дакладна, было б больш пакліканняў. Але галоўны сродак супраць крызісу пакліканняў выразна напісаны у Евангеллі. Няма трыццаці шасці рашэнняў, ёсць толькі адно, і сам Пан даў яго нам. Ён загадаў нам маліцца, каб Гаспадар жніва паслаў работнікаў. Гэта заданне для кожнага з нас. Як сказаў Бэнэдыкт XVI: «Там, дзе з руплівасцю моляцца, квітнеюць пакліканні».
Сапраўды, сёння мы павінны скіраваць да Бога нават больш, чым малітву; скіраваць стогн, крык, маленне:
Пане, дай нам святароў.
Пане, дай нам святых святароў.
Пане, дай нам шмат святых святароў!
З пастырскім благаслаўленнем,
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Магілёў, 24 красавіка 2022 года, у Нядзелю Божай Міласэрнасці
P.S. Святары могуць выкарыстаць гэты зварот падчас казання на святой Імшы ў нядзелю Добрага пастыра 8 мая 2022 года.