5 мая ў парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, што пад Мінскам, прайшоў пленарны сход Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў і Таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.
Распачалася сустрэчы са святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што мы жывем на пераломе эпох, і тое, як будзе выглядаць нашая рэчаіснасць у далейшым, залежыць ад нас і ад волі Божай.
Іерарх таксама звярнуў увагу на вялікую адказнасць кансэкараваных асоб у прыкладзе жыцця евангельскімі цнотамі, падмацаваўшы сваю думку выказваннямі Папаў.
Пасля Эўхарыстыі адбыўся пленарны сход, на распачацце якога ўсіх прысутных прывітаў старшыня рады Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.
З уступным словам да сабраных звярнуўся Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне падкрэсліў вялікую каштоўнасць манаскіх супольнасцяў і вернасці харызме асабліва ў сучасных умовах грамадска-палітычнага крызісу і неспакойнай сітуацыі ў свеце, а таксама запэўніў у падтрымцы з боку Папы Францішка і Святога Пасаду.
Арцыбіскуп Станеўскі пажадаў усім добрай працы і натхнення ад Духа Святога.
Старшыня рады Каардынацыйнай групы прадставіў справаздачу аб яе дзейнасці за 2019–2022 гады. Удзельнікі заслухалі даклад кансультанта па юрыдычных пытаннях ксяндза Андрэя Зноскі, які пазнаёміў іх з канцэпцыяй абароны правоў дзяцей і паінфармаваў аб працы, якая вядзецца Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў кірунку абароны малалетніх. Кандыдат эканамічных навук Андрэй Каралёў правёў прэзентацыю адукацыйнай праграмы для узмацнення кампетэнцыі кансэкраваных асоб, якія нясуць служэнне ў Беларусі.
Перад завяршэннем сходу адбыліся выбары новага складу рады.
У выніку галасавання яе новым старшынёй быў абраны ксёндз Анджэй Юхневіч OMI, намеснікам сястра Марцэліна Мігач ISSM, пасаду сакратара будзе займаць сястра Люцыя Бальцэвіч FMA, а радцамі ад дыяцэзій будуць брат Андрэй Букштан OFMCap, сястра Філатэя Ціханоўская CSFN, ксёндз Януш Пуліт CM і ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS. Новаабраная рада будзе дзейнічаць наступныя тры гады.
Сабраныя падзякавалі мінуламу складу рады і асабліва яе былому старшыні ксяндзу Віктару Гайдукевічу за добрую і плённую працу на працягу апошніх трох гадоў. Ксёндз Віктар, у сваю чаргу, пажадаў добрай працы радзе ў новым складзе.