Пошук

05.05.2022 07:07   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

1 мая ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбыліся цэнтральныя святкаванні дыяцэзіяльнага Дня маці.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у гэты нядзельны дзень шмат вернiкаў з розных куткоў дыяцэзіі і іншых мясцін Беларусі прыбылі ў тракельскую святыню, каб памаліцца за самага блізкага чалавека — сваю маму.

Частка пілігрымаў, сярод якіх былі ўдзельніцы руху «Маці ў Малітве», пешкі прыйшлі з Ліды і з іншых месцаў.

Пачаліся ўрачыстасці з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі дзякавалі Богу за сваіх матуль, якія перадалі жыццё і веру.

Кульмінацыяй святкавання стала святая Імша, цэлебрацыяю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі ўсіх маці дыяцэзіі: як жывых, так і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць.

Іерарх асабліва заахвоціў да малітвы за маці, якія яшчэ толькі носяць пад сэрцам новае жыццё, каб яны цанілі яго як найбольшы Божы дар.

У гаміліі біскуп адзначыў, што найчысцейшая і самая бескарыслівая любоў — гэта любоў маці.

«Матчына любоў — адзін з самых цудоўных дароў, які Бог даў чалавеку. Калі хто і не мае зямной маці, ён не сірата, бо ў нас ёсць Марыя — наша нябесная Матуля», — дадаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што маці — першы чалавек, якога мы сустракаем на дарозе нашага жыцця, які з самага пачатку поўны клопату аб нашым існаванні, нашай будучыні.

«Яна — поўная непакою і страху, цеплыні і сардэчных пачуццяў, адданая без рэшты свайму вялікаму скарбу, дорачы яму сваю любоў, час, сілы і сэрца», — дадаў біскуп. Іерарх адзначыў, што «маці першая нас прыняла адкрытым сэрцам і поўнасцю. <…> Яна адкрывае яму тое, што ў жыцці найпрыгажэйшае».

Усіх сабраных вакол палявога алтара біскуп заклікаў дзякаваць Пану Богу за сваіх зямных маці, выказваць ім удзячнасць і любоў, маліцца за іх.

Звяртаючыся да ўсіх прысутных маці, іерарх падзякаваў ім за сэрцы, поўныя любові і дабрыні, за клапатлівыя, любячыя вочы, спрацаваныя рукі, бязмежную любоў.

Спевам літургію аздобіў хор «Ружы Марыі» парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні.

Пасля Імшы ўдзельнікі ўрачыстасцяў прайшлі Крыжовы шлях, разам з кусташам санктуарыя ксяндзом Юрыем Бяганскім разважаючы аб ролі мацярынства ў сучасным свеце.

На заканчэнне святкавання кусташ aдзначыў: «Наша Панна Тракельская хоча, каб у вашых сэрцах, у сем’ях заўсёды панаваў супакой. Давайце будзем шанаваць кожнага чалавека, як сваю маці. Калі мы хочам жыць у супакоі і радасці, то павінны вучыцца гэтаму ад Марыі ў прыняцці Хрыста».

Таксама святар заахвоціў усіх да ўдзелу ў адпустовых дыяцэзіяльных урачыстасцях, якія пройдуць у тракельскім санктуарыі 9–10 ліпеня.

 

Абноўлена 06.05.2022 10:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.