Пошук

03.05.2022 10:22   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

У нядзелю 3 мая ў касцёл святой Ганны ў Варончы (Навагрудскі дэканат) была ўрачыста ўнесена фігура святога Яна Божага — заснавальніка ордэна баніфратраў.

Як паведаміла прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, фігура з’яўляецца паменшанай копіяй той, якая ў даўнейшыя часы ўпрыгожвала касцёл у Бераставіцы, а сёння знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Святы Ян Божы — Жуан Сідадэ Дуартэ — нарадзіўся 8 сакавіка 1495 года ў Партугаліі ў беднай сям’і. Спачатку быў пастухом і вёў спакойны лад жыцця, але потым вырашыў уступіць у войска і апынуўся ў Афрыцы, дзе прабыў пэўны час. Дзякуючы славутаму прапаведніку таго часу святому Яну Авільскаму ў 1539 годзе ў Гранадзе (Іспанія) перажыў навяртанне. Праз год вырашыў апекавацца беднымі, хворымі і разумова адсталымі, для чаго заснаваў уласны шпіталь, у якім лекарскую дапамогу дапаўняў духоўным клопатам.

Святы лічыцца першапраходцам у галіне метадычнага дагляду хворых і псіхічнахворых.

Ён памёр 8 сакавіка 1550 года ў Гранадзе, дзе ў базыліцы, што носіць яго імя, да гэтага часу захоўваюцца ягоныя рэліквіі.

Больш чым праз 30 гадоў пасля смерці святога яго духоўныя дзеці склалі статут Закона братоў міласэрнасці — баніфратраў, заснавальнікам якога лічыцца Ян Божы. Баніфратры акрамя трох традыцыйных манаскіх абяцанняў убоства, чыстасці і паслухмянасці даюць яшчэ і чацвёртае абяцанне: апекавацца хворымі. Манахі ордэна даглядалі хворых і развівалі метады лячэння.

На тэрыторыі Беларусі кляштары баніфратраў былі ў Мінску, Навагрудку, Ракаве, Гродне, Высока-Літоўску.

Сёння ў нашай краіне ордэн баніфратраў не дзейнічае, але ёсць браты-беларусы, якія нясуць служэнне за мяжой.

Святы Ян Божы, фігура якога цяпер ёсць у касцёле ў Варончы, лічыцца апекуном хворых, шпіталяў і санітараў, а таксама гандляроў кнігамі і друкароў.

Абноўлена 03.05.2022 10:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця