Пошук

02.05.2022 10:45   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У нядзелю 1 мая, які ў Каталіцкім Касцёле з’яўляецца месяцам, асаблівым чынам прысвечаным Панне Марыі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі наведаў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

Перад цудадзейным абразом Нябеснай Заступніцы Беларусі іерарх узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі шэрагу касцёльных рухаў і супольнасцяў, што дзейнічаюць у нашай краіне.

На пачатку святой Імшы пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік асаблівым чынам прывітаў удзельнікаў руху «Хатні Касцёл», якія разам са сваімі душпастырамі ў вялікай колькасці прыбылі ў гэты дзень у Будслаў, а таксама прысутных у святыні прадстаўнікоў рухаў «Маці ў малітве», «Жывы Ружанец» і іншых.

Душпастыр нагадаў, што 1 мая 2019 года ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшла сустрэча прадстаўнікоў рухаў і супольнасцяў Касцёла з усёй Беларусі — першая падобная сустрэча такога маштабу. На жаль, у наступныя гады такія мерапрыемствы не адбываліся з-за пандэміі каранавірусу.

Сёлетняя сустрэча была не такой маштабнай, як першая, аднак яна сведчыць пра жаданне ўдзельнкаў касцёльных рухаў распачынаць Марыйны месяц у доме Маці Божай, які Яна выбрала сабе ў Будславе.

Звярнуўшыся да прысутных, біскуп Касабуцкі прывітаў у санктуарыі пілігрымаў з Мінска, Маладзечна і іншых парафій, гасцінных мясцовых вернікаў, а таксама ўсіх тых, хто духоўна далучыўся з дапамогай анлайн-трансляцыі.

«Вітаю ўсіх прысутных на гэтай святой Імшы, якой мы разам распачынем Марыйны месяц май — месяц, які прысвечаны асаблівым малітвам да Багародзіцы.

І мы прыязджаем сюды, у гэты санктуарый, каб стаць тут, перад абліччам Маці Божай, якая з гэтага алтара спаглядае на ўсіх нас ужо шмат стагоддзяў, абараняе наш народ, прыслухоўваецца да нашых малітваў, просьбаў. Тут мы распачнем гэты месяц, калі асаблівым чынам будзем прасіць заступніцтва Маці Божай для нашых сем’яў; прасіць, каб Яна атуліла кожнага з нас плашчом сваёй Мацярынскай апекі, выпрошваючы ў Бога патрэбныя ласкі. Каб выпрасіла асноўную ласку для кожнага — ласку ўвайсці ў Божае Валадарства, калі завершыцца наша зямная пілігрымка, наша зямное жыццё», — сказаў біскуп Касабуцкі.

У прамоўленай гаміліі іерарх узгадаў сустрэчу касцёльных рухаў і супольнасцяў, якая адбылася ў Будславе тры гады таму, адзначыўшы, што кожны рэлігійны рух «аб’ядноўве людзей, якія маюць пэўную агульную мэту, агульную зацікаўленасць, якія выконваюць у Касцёле сваю асаблівую місію».

Біскуп коратка акрэсліў уласцівасці рухаў, прадстаўнікі якіх зноў сабраліся у Будславе на супольную малітву, заўважыўшы, што іх у Касцёле на Беларусі дзейнічае даволі шмат.

Пры гэтым іерарх зазначыў, што ўдзельнікаў усіх рухаў пры ўсёй іх разнастайнасці аб’ядноўвае аднолькавая любоў да Уваскрослага Хрыста і агульнае заданне сведчыць пра Яго, дзелячыся добрай весткай Евангелля з іншымі людзьмі.

«Мы бачылі гэтую прыгажосць супольнасцяў, рухаў, якія разам збіраюцца, каб прапаведваць Божае слова, каб прапаведваць Хрыста ўваскрослага. Але каб мець магчымасць прапаведваць, дзяліцца, мы павінны напаўняцца самі. <…> Мы павінны напаўняць нашыя сэрцы, нашыя душы Божым Духам, Божаю ласкай.

Калі нашае сэрца кіруе нас у гэтую святыню, да гэтай цудатворнай іконы Маці Божай, калі тут мы ўдзельнічаем у супольнай малітве, калі тут яднаемся з Богам у сакрамэнце споведзі, калі звяртаемся да Багародзіцы, даручаючы Ёй нашыя просьбы — нашы асабістыя і тых, хто прасіў нас аб малітве, — мы не толькі выпрошваем пэўныя ласкі, але напаўняем сябе Божаю ласкай, якой пазней можам дзяліцца з іншымі людзьмі. Паводле сваёй харызмы, якую мы атрымоўваем; паводле свайго паклікання і ў Касцёле, і ў жыцці, мы дзелімся Хрыстом, бо мы маем Яго, і нам ёсць, чым дзяліцца», — сцвердзіў біскуп Касабуцкі, дадаўшы, што кожны вернік мае заданне быць сведкам Уваскрослага. Сваю гамілію іерарх завяршыў патройным воклічам: «Хрыстус уваскрос!» — на які ўсе прысутныя аднадушна адказалі: «Сапраўды ўваскрос!»

Адразу пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і Маёвае набажэнства да Маці Божай, на заканчэнне якога біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў Эўхарыстычнае благаслаўленне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця