Пошук

25.04.2022 15:06   Фота: Віталій Спірыдон / Catholic.by

23 красавіка арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узяў удзел у адпустовай урачыстасці ў парафіі святога Юрыя ў Варнянах (Астравецкі раён, Гродзенская дыяцэзія), падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе мясцовых парафіянаў.

Усяго ў той дзень сакрамэнт хрысціянскай сталасці з рук заслужанага іерарха прынялі 53 маладых вернікі варнянскай парафіі.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп нагадаў жыццярыс святога Юрыя, які жыў падчас жорсткага пераследу хрысціянаў імператарам Дыяклетыянам. Імператар цаніў Юрыя як адважнага і мударага афіцэра і абяцаў яму высокія пасады пры ўмове адмовы ад хрысціянства.

«Юрый не згадзіўся, сказаўшы, што для яго Езус вышэй за імператара. За вернасць Хрысту і хрысціянскаму пакліканню Юрый заплаціў уласным жыццём», — адзначыў іерарх.

Ён дадаў, што гісторыя захавала шмат паданняў пра гэтага легендарнага святога, што з’яўляюцца сведчаннем яго вялікай папулярнасці ў народнай пабожнасці. Арцыпастыр звярнуў увагу на тое, што культ святога Юрыя распаўсюджаны ў Каталіцкім Касцёле, Праваслаўнай Царкве, пратэстанцкіх і англіканскіх супольнасцях. Яго ўшаноўваюць нават мусульмане, і таму, на думку іерарха, гэты святы можа лічыцца апекуном экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу.

«Святы Юрый застаўся верным хрысціянскаму пакліканню да канца. Ён не здрадзіў Хрысту, як не здрадзілі Яму і нашыя продкі ў часы ганеняў на веру.

А што адбываецца з намі? Ва ўмовах свабоды веравызнання назіраецца адыход ад веры. Усё больш людзей жыве так, як быццам Бога няма. Але той, хто адракаецца ад Езуса перад людзьмі, ад таго адрачэцца Езус парад нябесным Айцом», — асцярог арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Праблема ў тым, што мы лёгка паддаемся згубным амаральным тэндэнцыям сучаснасці. Забываемся, што Хрыстус з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём. Святы Юрый добра ведаў гэта і жыў згодна з гэтай праўдай. Такімі павінны быць і мы», — заахвоціў вернікаў арцыпастыр.

Тым, хто прымаў сакрамэнт канфірмацыі, ён нагадаў, што гэта — сакрамэнт хрысціянскай сталасці, і што заданне ўсіх хрысціянаў быць сталымі ў веры, без хістанняў і сумневаў. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў новаканфірмаваных быць адважнымі рыцарамі Хрыста, «святымі Юрыямі ХХІ стагоддзя, каб дзідай хрысціянскага сведчання барнаніць веру, без якой няма збаўлення».

 

Абноўлена 25.04.2022 15:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа