На пастырскай сустрэчы святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая адбылася адразу пасля Імшы Хрызма ў Вялікі чацвер, 14 красавіка, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску, было абвешчана пра новыя арганізацыйныя і адміністрацыйныя пастановы касцёльнай улады.
Адпаведныя Дэкрэты падпісаў і ўручыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
У Калегію кансультантаў архідыяцэзіі ўвайшлі:
- біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
- бшскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
- ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне,
- ксёндз канонік Ян Крэміс, пробашч парафіі Святога Духа ў Мінску
- ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве
- ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, канцлер Мітрапалітальнай курыі
- ксёндз Кірыл Бардонаў, вікарый парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў двух Біскупскіх вікарыеў.
Вышэйзгаданы ксёндз Ян Крэміс быў прызначаны Біскупскім вікарыем па справах агульнага душпастырства для мінскіх дэканатаў, а ксёндз канонік Ігар Лашук, пробашч парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах, — біскупскім вікарыем па справах будаўніцтва і рамонту сакральных будынкаў, якія знаходзяцца ва ўласнасці або ў валоданні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Ксёндз Казімір Шыдэлка SDB прызначаны душпастырам службы аховы здароўя.
Акрамя таго, арцыбіскупам Станеўскім была створана Камісія па сродках масавай інфармацыі, выдавецкай і асветніцкай дзейнасці.
У яе ўвайшлі ксёндз канонік Юрый Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, які стаў кіраўніком Камісіі, ксёндз Ян Крэміс, ксёндз Дзмітрый Пухальскі, спадарыня Аліна Новікава, дырэктар выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» і спадарыня Крыстына Лялько, галоўны рэдактар часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria».
Акрамя таго, у архідыяцэзіі былі прызначаныя трое святароў экзарцыстаў.