18–20 сакавіка ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры дабрачыннай місіі Добрага Самараніна праходзілі велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Як паведамляецца на сайце місіі Samaranin.by, у межах духоўных практыкаванняў на працягу трох дзён заслужаны іерарх дзяліўся з іх удзельнікамі разважаннямі пра веру, а таксама асабістым сведчаннем уласнага жыцця. У рэкалекцыйнай навуцы арцыпастыр не абмінуў актуальнага Сіноду Біскупаў, засяродзіўшыся на тэме «Адзінства, удзел і місія — шлях да сінадальнай вясны Касцёла».
Падчас рэкалекцый таксама адбылася сустрэча арцыбіскупа з удзельнікамі, якія задалі яму шмат пытанняў і атрымалі на іх змястоўныя адказы.
Духоўныя практыкаванні ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры суправаджаліся няспыннай малітвай Ружанца ў інтэнцыі міру. Як падкрэсліў рэкалекцыяніст, Ружанец мае надзвычайную моц, і сёння гэтая малітва асабліва важная: яна можа змяніць у лепшы бок гісторыю краін і лёс кожнага чалавека.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў супрацоўнікам і выхаванцам цэнтра, а таксама ўсім, хто браў удзел у рэкалекцыях, каб пасля гэтых духоўных практыкаванняў яны адчулі сябе іншымі, перамененымі, напоўненымі любоўю, і выказаў спадзяванне, што рэкалекцыі паспрыяюць таму, каб Езус знайшоў шлях да сэрца кожнага з удзельнікаў.
На заканчэнне духоўных практыкаванняў вернікі шчыра падзякавалі заслужанаму іерарху за іх правядзенне і за яго руплівае апостальскае служэнне, якое не спыняецца і пасля адыходу арцыбіскупа ад пастырскага кіравання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.