Пошук

22.03.2022 17:19   Кс. Юрый Ясевіч / Catholic.by

19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў імяніны.

З гэтай нагоды ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася ўрачыстая цэлебрацыя святой Імшы, якую ўзначаліў сам дастойны імяніннік. У супольнай малітве да яго далучыліся Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі.

На пачатку Эўхарыстыі арцыбіскуп Станеўскі нагадаў пра асобу святога Апекуна Касцёла і свайго нябеснага заступніка, выказаўшы удзячнасць за Яго апеку, і заахвоціў праз яго заступніцтва маліцца аб супакоі на свеце і аб міры ва Украіне.

Менавіта ў гэтай інтэнцыі арцыпастыр прасіў вернікаў прысвяціць навэнну да святога Юзафа — набажэнства падрыхтоўкі, што распачалося за дзевяць дзён да ўрачыстасці.

Гамілію на Імшы прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У Божым слове папярэднік арцыбіскупа Станеўскага на Мінска-Магілёўскай катэдры разважаў аб сціпласці святога Юзафа, яго моцнай веры, аб яго пакліканні, якое ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю збаўлення; аб тым, што святы Юзаф — гэта чалавек слова. Успомніў арцыбіскуп эмерыт і пра Юзафа Егіпецкага, сына Якуба і Рахэлі са Старога Запавету, адзначыўшы, што ўсе напатканыя ім у жыцці цяжкасці Бог ператварыў у дабро і благаслаўленне.

Свайму наступніку арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў у жыцці і пастырскім служэнні рэалізаваць цноты, якімі адзначаліся згаданыя ім вялікія Божыя мужы.

Напрыканцы святой Імшы імянінніка павіншавалі прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў, вернікі архікатэдральнай парафіі, удзельнікі Легіёна Марыі і семінарысты першага курса Міждыяцэзіяльнай семінарыі.

 

Абноўлена 22.03.2022 17:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.