Пошук

08.03.2022 10:25   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

6 сакавіка, у Першую нядзелю Вялікага посту, парафію Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, што пад Мінскам, наведаў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У супольнасці, дзе душпастырскае служэнне нясуць святары з салезіянскага таварыства, дастойнага госця прывітаў рэгіянальны настаяцель салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.

Святар адзначыў, што бараўлянская парафія вельмі рада перажыць з заслужаным іерархам Першую нядзелю Вялікага посту і разам памаліцца аб супакоі ва ўсім свеце, а асабліва ва Украіне.

Арцыбіскуп Кандрусевіч, у сваю чаргу, дадаў да гэтых інтэнцый малітву за пробашча бараўлянскай парафіі ксяндза Казіміра Шыдэлку SDB з нагоды яго нядаўніх імянінаў.

У гаміліі арцыпастыр засяродзіўся на евангельскім урыўку першай велікапоснай нядзелі, у якім ідзе гаворка пра спакушэнне Езуса ў пустыні.

«Прынцыпова адмоўны адказ Езуса на ўсе прапановы злога духа — гэта настаўленне нам, якім чынам паступаць у нашым жыцці, калі спакусы не памяншаюцца, а з кожным днём павялічваюцца», — падкрэсліў іерарх.

Не абмінуў арцыбіскуп Кандрусевіч і сітуацыю ва Украіне, дзе ў апошнія дні адбываецца сапраўдная гуманітарная катастрофа, і многія задаюцца пытаннем, дзе цяпер Бог.

«Бог не бяздзейнічае. Ён з церпячымі, падтрымлівае іх і дае сілы захаваць чалавечнасць у бесчалавечых умовах, а таксама дапамагае адрозніць дабро ад зла. Бог не маўчыць; Ён станоўча адказвае: „Чалавек, Я знаходжуся на сваім месцы; Я даў табе закон паводле якога ты павінен жыць, каб не было сучасных Каінаў. Таму задаю табе пытанне: дзе ты, чалавек? чаму не жывеш згодна з Маім законам?“» — растлумачыў арцыбіскуп.

Напрыканцы ён звярнуў увагу на асобу святога Казіміра, успамін якога на мінулым тыдні адзначаўся ў Каталіцкім касцёле. Заслужаны іерарх зазначыў, што жыццё гэтага святога сугучнае з Евангеллем Першай нядзелі Вялікага посту, бо святы Казімір належаў да каралеўскага роду і сутыкаўся са шматлікімі спакусамі ў сваім жыцці, але, нягледзячы ні на што, заўжды імкнуўся ва ўсіх сваіх дзеяннях кіравацца евангельскімі прынцыпамі.

«Дарагія браты і сёстры! Вельмі добра, што Вялікі пост — час ласкі і навяртання — мы распачынаем са святым Казімірам.

Няхай прыклад яго жыцця, імкненне да святасці, культ Эўхарыстыі і любоў да Маці Божай; яго станоўчае „не“ злому духу і „так“ Богу, а таксама ахвярная любоў да бліжніх стане лейтматывам нашага жыцця», — такое пажаданне выказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Напрыканцы Імшы прадстаўнікі парафіі, моладзь і дзеці павіншавалі ксяндза Казіміра Шыдэлку з імянінамі і падзякавалі за яго адданую і руплівую працу ў бараўлянскай супольнасці.

 

Абноўлена 08.03.2022 10:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.