У нядзелю 13 лютага Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі наведаў Бялынічы, дзе благаславіў першыя ў новай гісторыі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай ахвярныя дары, якія называюцца вотумамі (лац. votum).
У горадзе на Магілёўшчыне, дзе калісьці знаходзіўся славуты санктуарый у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, мясцовыя католікі прывіталі біскупа хлебам-соллю.
У бялыніцкай капліцы, перд копіяй старадаўняй цудатворнай іконы, іерарх узначаліў урачыстую цэлебрацыю святой Імшы. Прывітаўшы сабраных на Эўхарыстыі вернікаў, а таксама тых, хто духоўна далучыўся да супольнай малітвы дзякуючы прамой трансляцыі на «Радыё Марыя», біскуп Касабуцкі сказаў, што ў гэтай святой Імшы мае намер маліцца за бялыніцкую парафію.
У прамоўленай гаміліі іерарх разважаў над Божым Словам з нядзельных літургічных чытанняў.
Ён таксама звярнуў увагу на традыцыю змяшчэння каля цудадзейных абразоў адмысловых вотумаў як выраз просьбы або падзякі за атрыманыя Божыя ласкі.
Такія сакральныя прадметы зазвычай вырабляюцца з золата і срэбра і ўпрыгожваюць санктуарыі ва ўсім свеце.
Генеральны вікарый архідыяцэзіі зазначыў, што ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай захавалася старадаўняя кніга вотумаў, дзе з XVIII стагоддзя рэгістраваліся ўсе каштоўныя дары, ахвяраваныя ў святыні на знак просьбаў і ўдзячнасці. Пастыр заахвоціў вернікаў, стоячы на парозе новай гісторыі культу Маці Божай Бялыніцкай, трываць у малітве і веры ў Божую дапамогу праз заступніцтва Марыі.
«Бог не прымушае доўга чакаць і заўсёды адказвае на гарачыя малітвы і просьбы сваіх дзяцей, пра што і сведчаць шматлікія вотумы», — сцвердзіў біскуп Касабуцкі.
Пасля гаміліі ён здзейсніў благаслаўлнне ахвяраваных вотумаў. Сярод іх заручальны пярсцёнак з просьбай да Багародзіцы аб добрым мужы ад дзяўчыны, якая пажадала захаваць ананімнасць; ружанец ад Папы Францішка, перададзены бялыніцкай парафіі 18 верасня мінулага года Апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам на ўрачыстасцях у гонар 260 годдзя каранацыі цудадзейнага абраза; ватыўны дар парафіі ў Бялынічах за ласку святкавання 260-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай ад 20 верасня 2021 года; вотум ад сям’і Віктара і Галіны Тумаш з Вільні ад 2 лютага гэтага года, якія дзякуюць за дар цудоўнага аздараўлення ад цяжкіх наступстваў каранавірусу і за ўсе атрыманыя праз заступніцтва Багародзіцы ласкі.
Благаслаўлёныя іерархам вотумы пробашч бялыніцкай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка змясціў побач з копіяй абраза Маці Божай Бялыніцкай.
Католікі Бялынічаў добра памятаюць біскупа Касабуцкага з тых часоў, калі ён нёс служэнне ў Магілёве і прыязджаў са святарскай паслугай у Бялынічы. Вернікі павіншавалі іерарха з надыходзячым днём нараджэння, які ён адзначыць 15 лютага. На заканчэнне святой Імшы біскуп падзякаваў усім вернікам за памяць, малітоўную падтрымку і віншаванні.
Ён таксама прыехаў не з пустымі рукамі: парафія атрымала ад яго ў дар святарскае літургічнае адзенне — арнат.
Пасля заканчэння Імшы біскуп Юрый Касабуцкі сустрэўся з парафіянамі, паразмаўляў з імі пра жыццё парафіі і падзяліўся ўспамінамі пра ранейшыя часы.