Пошук

11.02.2022 19:35   Catholic.by

11 лютага, ва ўспамін Маці Божай Люрдскай, калі адзначаецца 30-ы Сусветны дзень хворага, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой удзяліў сакрамэнт хворых.

Іерарх маліўся за хворых і церпячых, лекараў і ўсіх тых, хто спадарожнічае кожны дзень сваім церпячым братам.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр назваў санктуарый у французскім Люрдзе, дзе ў 1858 годзе аб’явілася Маці Божая, «Марыйным шпіталем», у якім праз заступніцтва Багародзіцы Бог аздараўляе. Пры гэтым іерарх зазначыў, што «лекары лечаць, а здароўе дае Бог». Іерарх нагадаў, што ў сваім аб’яўленні ў Люрдзе Марыя заклікала грэшнікаў да навяртання, а ўвесь Касцёл — да малітвы і пакаяння.

«Сёння мы перажываем у Касцёле Дзень малітвы за хворых. Святары ўдзяляюць сакрамант хворых тым, хто апынуўся ў цяжкім становішчы з-за хваробы ці пажылога ўзросту. Святы апостал Якуб у сваім пасланні раіў вернікам: „Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана. Малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, я грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму“ (Як 5, 14–15). <…>

Сакрамант хворых яднае чалавека з Хрыстом, умацоўвае яго, робіць хворага чалавека адважным сярод выпрабаванняў. Святы алей — гэта Божы лек, які не столькі лечыць, колькі скіроўвае думкі хворага да канчатковага аздараўлення — да ўваскрасення», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі. Ён дадаў, што «сакрамант хворых — гэта досвед прысутнасці Бога», нагадаўшы словы Папы Францішка, які казаў, што ў гэтым сакраманце «хворы адчувае дотык Божага спачування». Іерарх нагадаў, што сам Езус даў сваім апосталам такое заданне: «Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоны ачышчайце, злых духаў выганяйце» (Мц 10, 8).

«Аднак гэта не значыць, што святары павінны замяніць лекараў, або што тыя святары, якія не аздараўляюць, не выконваюць наказ Езуса ці не маюць веры.

«Прымаючы Сакрамант хворых, важна ведаць, што ты не самотны падчас хваробы, ты не адзін: з табою святар, а з ім увесь народ Божы моліцца аб тваім аздараўленні і моцы духа ў час выпрабавання. Сакрамэнт хворых, як і кожны сакрамэнт Новага Запавету, — гэта бачны знак нябачнай рэчаіснасці Божай ласкі.

Сакрамант хворых — гэта дотык любячага Бога, які не пакідае хворага сам-насам з болем, але дае нам як Спадарожніка на гэтым шляху свайго Сына Езуса Хрыста, які церпіць разам з хворым і паказвае пераможны шлях», — сказаў арцыпастыр, дадаўшы, што «хвароба — гэта не пакаранне, а шанц сустрэчы з церпячым за збаўленне свету Божым Сынам Езусам Хрыстом».

Гамілію арцыбіскуп Станеўскі завяршыў кароткай малітвай, прамоўленай ад імя ўсіх хворых і церпячых:

«Езу, злітуйся і дапамажы несці мой крыж хваробы і болю так, як учыніў гэта Ты. Марыя, Маці Бога і Маці майго падарожжа, дапамажы і навучы, як прымаць боль і хваробу, каб былі яны для мяне не знакам пакарання, а знакам еднасці і лучнасці з Тваім Сынам, а маім Збаўцам Езусам Хрыстом».

Абноўлена 11.02.2022 19:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа