Пошук

03.02.2022 09:54   Паводле: Samaranin.by / Catholic.by

2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, што ў народзе называюць таксама Грамніцамі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю адпустовай святой Імшы ў капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра.

Капліца пад тытулам Ахвяравання Пана — адзінае месца культу ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прысвечанае Маці Божай Грамнічнай.

Падчас Эўхарыстыі яе ўдзельнікі разам з заслужаным іерархам асаблівым чынам маліліся за ахвярадаўцаў і за ўсіх людзей добрай волі, якія прычыніліся да ўзвядзення капліцы. У малітвах узгадалі дабрадзеяў, якія дапамаглі ў ажыццяўленні задумы і ўжо адышлі ў вечнасць.

Маліліся таксама за Бацькаўшчыну, за духоўнае адраджэнне нашага народа, за ўсіх родных і блізкіх, супрацоўнікаў, падапечных і сяброў Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра.

На пачатку святой Імшы адбылося традыцыйнае благаслаўленне грамнічных свечак.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на асоб, якія прысутнічалі пры Ахвяраванні Пана ў ерузалемскай святыні: старца Сімяона і прарочыцу Ганну, адзначыўшы, што яны вучаць нас вытрымцы.

«Такая вытрымка патрэбна кожнаму з нас. Усё нашае жыццё — гэта час чакання ажыццяўлення нашых планаў, аб чым мы просім Божай дапамогі. Аднак гэта не заўсёды адбываецца. Тады насоўваецца пытанне: ці Бог нас не пакінуў? Ці не забыўся Ён пра нас?

Не, Бог не забыўся. Божыя думкі — не нашыя думкі; і не заўсёды тое, чаго просім, служыць нашаму дабру і збаўленню. Таму не трэба наракаць на Бога, але трывала чакаць, як чакалі Сімяон і Ганна», — заахвоціў прысутных арцыпастыр. Ён дадаў, што чаканне павінна вучыць нас вытрымцы, а таксама звярнуў увагу на святло Духа Святога, якое сімвалізуюць грамнічныя свечкі.

«Каб знайсці тое, чаго шукаем, неабходна святло. У нашым жыцці такім святлом з’яўляецца вучэнне Евангелля. Без гэтага святла ўсе нашыя намаганні застануцца ў цемры страху і безраднасці.

Сімвалам прыняцця такога святла з’яўляецца грамнічная свечка, якая благаслаўляецца ў свята Божай Маці Грамнічнай.

Падчас сакрамэнту хросту ў нашых душах запаліўся агеньчык веры. Гэта тая свечка, якая вядзе нас па жыцці. Яна павінна гарэць заўсёды. Нельга дазволіць, каб яна згасла», — падкрэсліў заслужаны іерарх

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў прысутным вернікам — дарослым і дзецям, выхаванцам Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра, — каб грамнічная свечка заўсёды нагадвала ім пра хрысціянскі абавязак быць святлом свету, а трывалая малітва і хрысціянскае сведчанне каб асвятлялі шлях да неба.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.