26 студзеня ў Лідскім замку адбыўся ўрачысты прыём прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, супольнасці якіх дзейнічаюць у Лідскім раёне.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэча адбылася па ініцыятыве мясцовых уладаў.
На прыёме прысутнічалі старшыня Лідскага райвыканкаму Сяргей Ложачнік і старшыня раённага Савету дэпутатаў Інэса Белуш. Каталіцкі Касцёл прадставіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Праваслаўную Царкву — епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый.
У ходзе сустрэчы прадстаўнікі мясцовых уладаў казалі пра дасягненні і развіццё рэгіёна, праекты, якія рэалізуюцца і плануюцца, планы на будучыню і ролю духавенства ў грамадстве.
Прадстаўнікі ўлады падзякавалі святарам за працу і шматгадовае служэнне, уручылі ім фотаальбомы «Ліда. Падарожжа ў часе», кветкі і ганаровыя граматы.
Старшыня райвыканкама падзякаваў духавенству дзвюх канфесій за ўмацаванне духоўна-маральных традыцый.
У сваю чаргу біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падчас сустрэчы адзначыў, што яна праходзіць у вельмі сімвалічны час, акурат пасля заканчэння Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, і з’яўляецца як быццам яго працягам.
Таму іерарх выказаў надзею на тое, што на нашых землях будуць і надалей жыць разам у адзінстве і міры ўсе канфесіі.
Біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што вельмі важна, каб ва ўсіх сем’ях панавалі згода, любоў і еднасць, і каб Бога ніколі не падзялялі на «вашага» і «нашага», бо ўсе мы — дзеці Божыя.