Пошук

21.01.2022 17:09   Catholic.by

Праз тыдзень пасля таго, як 14 студзеня моцным ветрам быў сур’ёзна пашкоджаны дах гістарычнай катэдры ў Магілёве, біскупскі вікарый усходняга рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB распавядае пра актуальную сітуацыю і дзеліцца планамі на бліжэйшы час.

Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі!

14 студзеня ў горадзе Магілёве моцны ўраган знішчыў частку даху старажытнай святыні — гістарычнай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. У гэтую цяжкую хвіліну я звярнуўся да вас з просьбай аб дапамозе ў аднаўленні дома Пана, бо сваімі сіламі парафія з гэтым не справіцца. У мяне не было сумневаў, што водгук людзей будзе станоўчым. За гэты тыдзень на рамонт даху магілёўскага касцёла было ахвяравана 19 тыс. 928 рублёў.

Усім ахвярадаўцам я выказваю падзяку і прашу Добрага Бога ўзнагародзіць вас благаслаўленнем і апекай, а са свайго боку ахвярую дар малітвы ў вашых інтэнцыях.

Дзякую парталу Сatholic.by і ўсім СМІ, якія ў сваіх публікацыях распавядалі пра нашу бяду і заахвочвалі да дапамогі пацярпелай парафіяльнай супольнасці.

Хачу таксама падзяліцца інфармацыяй пра сітуацыю на сёння і планамі далейшых прац па ліквідацыі наступстваў урагану.

На гэтым тыдні мы забяспечылі накрыццё касцёла на зімовы перыяд, паставіўшы часовыя кроквы, а таксама накрылі разбураную частку даху дсп і руберойдам.

Яшчэ раз дзякую парафіі ў Будславе за перададзеныя лісты дсп і экспертам-альпіністам, якія ўвесь тыдзень працавалі на вышыні.

Наступны этап — гэта рамонт усяго даху плошчай 260 м2. Аднаўленне пашкоджанай часткі павінен аплаціць уласнік будынка касцёла КУП ЖРЭА Ленінскага раёна горада Магілёва, а замену другой часткі, якая складае 130 м2 — магілёўская парафія. Паводле камерцыйнай прапапановы ТАА «Бетонбудрэстаўрацыя» з Магілёва, кошт замены ўсяго даху над уваходам у касцёл будзе складаць 77 тыс. 90 рублёў. Парафія павінна сабраць 38 тыс. 545 рублёў на замену другой часткі.

Не ведаем колькі ўкладзе ўласнік, таму трэба заўсёды быць гатовымі на большыя выдаткі з боку парафіі, каб наша святыня, — якую, маем надзею, нам калісьці перададуць ва ўласнасць, — мела годны выгляд і была захавана ад разбуральных ўздзеянняў.

Усім, хто далучыўся і жадае далучыцца да дапамогі ў справе рамонту даху гістарычнай магілёўскай катэдры пасля ўрагану, я выказваю шчырую падзяку і ад усяго сэрца благаслаўляю.

Аляксандр Яшэўскі SDB
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Біскупскі Вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобл.

Рэквізіты для ахвяраванняў:

р/с BY64BLBB30150700187012001001

ОАО «Белинвестбанк»,

БИК BLBBBY2X

УНП 700187012

получатель платежа: «Римско-католический приход Успения Пресвятой Девы Марии в г. Могилеве»

назначение платежа: добровольное пожертвование

Абноўлена 21.01.2022 17:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.