Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы,
вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!
14 студзеня моцны ўраган знішчыў частку даху конкатэдральнай святыні Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі у горадзе Магілёве. У гэтую цяжкую хвіліну я як пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі звяртаюся да Вас з просьбай аб дапамозе ў захаванні святыні ад далейшага разбурэння і аднаўленні даху.
Прашу ўсіх з асаблівай руплівасцю маліцца ў гэтай інтэнцыі і далучыцца да матэрыяльнай дапамогі, складаючы ў парафіях ахвяраванні на гэтую мэту.
Ужо цяпер ахвяраванні можна пералічыць на банкаўскі рахунак парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў горадзе Магілёве альбо перадаць праз пробашчаў.
Няхай заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава спрыяе нам у як найхутчэйшым аднаўленні Божага дома, а ўсім людзям добрай волі, якіх яднае гэтая высакародная мэта, выпрасіць Божае благаслаўленне.
З удзячнасцю і благаслаўленнем,
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
P.S. Шаноўных святароў прашу прачытаць гэты зварот падчас парафіяльных аб’яваў на кожнай святой Імшы ў нядзелю 16 або 23 студзеня 2022 года, а таксама выбраць адпаведны спосаб для арганізавання збору ахвяраванняў.
Сабраныя пры парафіях ахвяраванні могуць быць пералічаны на разліковы рахунак парафіі ў Магілёве альбо перададзены ў Курыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Рэквізіты для ахвяраванняў:
р/с BY64BLBB30150700187012001001
ОАО «Белинвестбанк»
БИК BLBBBY2X
УНП 700187012
получатель платежа: «Римско-католический приход Успения Пресвятой Девы Марии в г. Могилеве»
назначение платежа: добровольное пожертвование