Пошук

17.01.2022 10:08   Тэкст: а. Яўген Голуб OFMConv / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

Адзінаццаты раз сабраў у Івянцы аматараў калядных спеваў арганізаваны айцамі францішканамі «Калядны фэст», які адбыўся 15 студзеня.

Нягледзячы на моцны вецер і мароз, зала івянецкага Дома культуры гасіцнна прыняла ахвотных паслухаць калядныя спевы ў выкананні як маленькіх, так і дарослых удзельнікаў.

Сёлетні «Калядны фэст» быў адметны перадусім сваімі цудоўнымі выканаўцамі.

Пасля ўступнага слова арганізатараў каляднай радасцю дзяліліся выступоўцы з Івянца: хор парафіі святога Міхала Арханёла, ансамблі івянецкага Дома культуры «Журавінка» і «Жамчужынка». Парадавалі прысутных і самыя маленькія ўдзельнікі фэсту. Дзіцячы хор івянецкай парафіі падрыхтаваў невялікае прадстаўленне пра тое, як людзі розных прафесіі і народаў вітаюць Збаўцу, а «ваўчаняты» — наймаладзейшыя ўдзельнікі скаўцкага руху — цэлай «зграяй» выбеглі на сцэну з каляднай зоркай.

Госці на «Калядны фэст» прыбылі ў Івянец і зблізку, і здалёк. Радасцю ад Нараджэння Збаўцы дзяліліся маладзечанскі хор парафіі святога Казіміра і дзіцячы гурт Transitus парафіі святога Францішка са сталічнага мікрараёна Новая Баравая. Абодва гэтыя калектывы паходзяць з капуцынскіх парафій, таму францішканскі дух фестывалю быў вельмі адметным. Ён увасобіўся нават у імправізаваным стэндапе пра ролю каптура ў капуцынска-францішканскім жыцці.

Акрамя хораў, у фестывалі ўзялі ўдзел і іншыя выканаўцы.

Сваёй творчасцю і радасцю падзяліліся з прысутнымі спявачка Вольга Хілько і паэтка Алена Казловіч-Усцілоўская. Ядзя Багдановіч з гітарыстам El’Quint выканалі свае новыя аўтарскія спевы, а дзіцячы гурт «Міхаэлькі» з мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай апроч спеваў прадставіў гледачам традыцыйную калядную Батлейку ва ўласным выкананні.

На заканчэнне фестывалю Алесь Чумакоў і Таццяна Ячная, сапраўдныя сучасныя барды, пад акампанемент гусляў запрасілі прысутных у музычнае падарожжа па сонечных краях Італіі, Іспаніі і Венесуэлы, выконваючы па-беларуску калядкі са сваёй новай святочнай праграмы.

Як і штогод, фестываль у Івянцы наведалі цудоўныя госці. Нават дырэктар Catholic.by быў заўважаны на сцэне падчас аднаго з выступаў у якасці перкусіяніста і дырыжора.

Асаблівым чынам варта адзначыць выдатных вядучых з «Радыё Марыя», якія імгненны знаходзілі кантакт з залай, арыгінальна распавядаючы паміж выступамі пра кожнага з выканаўцаў. Дзякуючы намаганням «Радыё Марыя» кожны мог далучыцца да фестывалю анлайн праз аўдыётрансляцыю і прамы эфір у інстаграме.

Госці, падзяліўшыся каляднай радасцю, падсілкаваўшыся прысмакамі, што прыгатавалі гасцінныя івянецкія парафіяне з душпастырамі, доўга развітваліся, каб праз год сустрэцца ўжо ў дванаццаты раз у калядным Івянцы.

 

Абноўлена 17.01.2022 10:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.