Напрыканцы мінулага года ў выдавецтве «Pro Christo» выйшаў новы дапаможнік па катэхезе для другога года падрыхтоўкі да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі «Прыйдзіце да Мяне ўсе», складзены сястрой Нунэ Цітаян MSF.
Яркі, каляровы, выдадзены на якаснай паперы, гэты дапаможнік стане вялікай радасцю для дзяцей і дапамогай у пазнанні Божай праўды.
Новы дапаможнік па катэхезе створаны з улікам катэхетычнай праграмы. Ён багата ілюстраваны фотаздымкамі, творамі сусветнага мастацтва, малюнкамі.
У кнізе даступна пададзены галоўныя праўды каталіцкай веры, катэхетычныя матэрыялы падрыхтаваны паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла з адпаведнымі цытатамі са Святога Пісання.
Асаблівая ўвага надаецца вывучэнню дзесяці Божых запаведзяў, сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі, святам і ўрачыстасцям літургічнага года. Важную функцыю для выніковага засваення матэрыялу выконваюць раздзелы дапаможніка «Дадатак» і «Асноўныя малітвы». Пасля вывучэння кожнай з тэмаў у дапаможніку падаюцца практычныя заданні, а таксама абавязковыя хатнія заданні, якія раскрываюць творчы патэнцыял вучняў: гэта пазлы, крыжаванкі, заданні-лабірынты, размалёўкі, практыкаванні з наклейкамі, рэбусы, сюжэтныя малюнкі і г. д.
Катэхетычная секцыя Камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры ККББ удзячная за распрацоўку дапаможніка сястры Нунэ Цітаян MSF і за яго падрыхтоўку пад рэдакцыяй Вольгі Адамовіч выдавецтвам «Pro Christo». Аўтарска-выдавецкі калектыў спадзяецца, што новая кніга з серыі катэхетычных матэрыялаў для дзяцей будзе спрыяць іх духоўнаму ўзрастанню, а таксама фармаваць асабістыя адносіны дзяцей з Богам, адлюстроўваць толькі праўдзівы Яго вобраз — любячага і міласэрнага Айца.
Па падручнік можна звярнуцца:
- у кіёск катэдральнага касцёла ў Мінску (пл. Свабоды, 9);
- або па тэл.: +375 (29) 660 33 90 — Віталь