Пошук

04.01.2022 18:55   Catholic.by
Адам Мальдзіс. Фота: budzma.org

5 студзеня ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) адбудзецца пахавальная святая Імша за спачылага Адама Мальдзіса — вядомага беларускага літаратуразнаўцу, гісторыка, пісьменніка, журналіста.

Адам Мальдзіс адышоў у вечнасць 3 студзеня на 90-м годзе жыцця.

Пахавальную цэлебрацыю ўзначаліць арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Пачатак у 11.00.

Адначасова будзе весціся прамая трансляцыя з Чырвонага касцёла.

Адам Мальдзіс нарадзіўся 7 жніўня 1932 гады ў вёсцы Расолы Ашмянскага павета ў каталіцкай сям’і. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а пасля працаваў сакратаром у радашковіцкай раённай газеце. У 1962 годзе скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР, пазней працаваў навуковым супрацоўнікам. Кандыдацкую дысертацыю абараніў у 1963 годзе. З 1991 па 1998 год працаваў дырэктарам Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтру імя Францыска Скарыны. У тым жа годзе (1991) быў абраны прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. З 1996 года з’яўляўся кіраўніком аддзела культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Адам Мальдзіс вядомы і як сябра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Ён не раз расказваў аб цёплых сяброўскіх адносінах, якія ў іх склаліся. Пісьменнік і крытык доўгі час жылі па суседстве. Літаратуразнаўца з’яўляецца аўтарам кнігі «Жыццё і ўзыходжанне Уладзіміра Караткевіча», якая выйшла ў 1990 годзе.

Акрамя таго, менавіта Адам Мальдзіс распачаў шматлікія даследаванні ў галіне гісторыі беларускай літаратуры і культуры.

Спачылы быў веруючым католікам, яго публікацыі друкаваліся ў часопісе «Наша вера».

Абноўлена 05.01.2022 10:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа